Больш за 8,4 млн украінцаў знаходзяцца па-за межамі краіны
- 5.08.2026, 10:50
Звесткі агучыў упаўнаважаны Вярхоўнай Рады па правах чалавека.
Паводле стану на 2026 год больш за 8,4 млн грамадзян Украіны пражываюць па-за межамі краіны. Пра гэта ў аўторак, 4 жніўня, заявіў упаўнавачаны Вярхоўнай Рады па правах чалавека Дмітро Лубінець, падводзячы вынікі штогадовай нарады кіраўнікоў замежных дыпламатычных устаноў Украіны, перадае «Нямецкая хваля».
«Больш за 8,4 мільёна нашых грамадзян сёння знаходзяцца па-за межамі Украіны. Наш абавязак — зрабіць так, каб кожны з іх ведаў: Украіна пра яго памятае і гатовая абараняць яго правы», — напісаў амбудсмен у тэлеграм-канале.
Больш за 5 млн украінцаў атрымалі часовую абарону ў ЕС
Лубінець не правёў прамой сувязі паміж колькасцю тых, хто знаходзіцца па-за Украінай, і расійскай агрэсіяй, але ягоныя заявы прагучалі ў кантэксце вайны. Амбудсмен нагадаў, што тысячы ўкраінцаў застаюцца ў расійскім палоне, а больш за 20 тысяч украінскіх дзяцей незаконна вывезеныя з краіны ў Расію. У чэрвені Лубінець адзначаў, што з 2014 года, калі РФ пачала акупацыю і анексію ўкраінскіх тэрыторый, з краіны выехалі 8,5 млн чалавек.
Звесткі пра тых украінцаў, якія непасрэдна ўцяклі ад уварвання, раней прыводзіла Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН у справах бежанцаў. Паводле гэтай інфармацыі, з 2022 года з Украіны выехалі 5,7 млн чалавек.
Еўрапейскае статыстычнае ведамства Eurostat у ліпені 2026 года адзначала, што пад часовай абаронай у ЕС знаходзяцца 4,38 млн украінскіх бежанцаў. Найбольш з іх пражываюць у Германіі — 1,283 млн, Польшчы — 967,5 тысячы і Іспаніі — 267,4 тысячы чалавек. Раней Еўрастат адзначаў, што на канец 2021 года дазвол на пражыванне ў ЕС мелі 1,57 млн грамадзян Украіны.
Колькі ўкраінцаў застаюцца ў краіне?
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну Кіеў не публікуе рэгулярныя і дакладныя даныя пра колькасць насельніцтва. Кіраўнік Дзяржстата Арсен Макарчук адзначаў у сакавіку 2026 года, што падобныя падлікі можна будзе праводзіць толькі праз 1,5–2 гады пасля заканчэння вайны. Паводле Дзяржстата, перад уварваннем ва Украіне пражывала больш за 41 млн чалавек — без уліку анексаванага Крыму і акупаваных на той момант частак Данецкай і Луганскай абласцей.
22 ліпеня 2026 года Нацыянальная акадэмія навук Украіны апублікавала звесткі, паводле якіх на тэрыторыі, падкантрольнай Кіеву, цяпер пражываюць прыкладна 27–28 млн чалавек. Такую ацэнку прывёў Аляксандр Гладун, намеснік дырэктара Інстытута дэмаграфіі і даследаванняў якасці жыцця.