BE RU EN

19FortyFive: Дроны ляцяць на Маскву

  • 5.08.2026, 12:46

Украіна ператварае Расію ў адну вялікую мішэнь.

Украіна пашырае кампанію дальнабойных удараў па тэрыторыі Расіі, робячы стаўку не толькі на ваенныя аб’екты, але і на найбуйнейшую лагістычную інфраструктуру краіны. Новая серыя атак закранула прамысловую зону пад Масквой і некалькі складскіх комплексаў, два з якіх належаць найбуйнейшаму расійскаму маркетплэйсу Wildberries, піша 19FortyFive (пераклад — сайт Charter97.org).

Паводле даных заходніх СМІ, адзін з удараў прыйшоўся на прамысловую зону Новасёлкі ў Падмаскоўі, яшчэ два — па складах Wildberries у Чырвоным Бары і Эммаусе. У выніку атак загінулі пяць чалавек, яшчэ дзесяць атрымалі раненні. Напярэдадні аналагічная серыя удараў, як паведамляецца, забрала жыцці сямі чалавек.

Украіна разглядае Wildberries не проста як найбуйнейшую гандлёвую пляцоўку краіны, а як «ключавы лагістычны вузел для перадачы кампанентаў, што выкарыстоўваюцца пры вытворчасці беспілотнікаў». У Кіеве таксама называюць гэтыя атакі адказам на расійскія ўдары па ўкраінскай паштовай кампаніі «Нова Пошта».

Пры гэтым Wildberries афіцыйна не пастаўляе ўзбраенне расійскім дзяржаўным структурам, аднак на платформе прадаюцца тавары падвойнага прызначэння, якія могуць дапрацоўвацца для ваенных патрэбаў.

Атакі адкрылі для Кіева «новую кропку ціску на Маскву». Маркетплэйс адыгрывае важную ролю ў расійскай эканоміцы: праз яго працуюць дзясяткі тысяч кампаній, а яго абарот ацэньваецца больш як у 70 млрд фунтаў у год. Кампанія таксама лічыцца адным з найбуйнейшых працадаўцаў краіны. «Адна з мэтаў кампаніі — паслаць недвухсэнсоўны сігнал алігархам, блізкім да Крамля, паказаўшы, што нават найбуйнейшы бізнес не абаронены ад наступстваў вайны», — гаворыцца ў матэрыяле.

Наступствы ўжо выходзяць за межы Расіі. Беларускі саюз прадпрымальнікаў заявіў, што больш за 22 тысячы кампаній рэспублікі прадаюць тавары праз Wildberries, і заклікаў улады разам з бізнесам шукаць рашэнне праблемы, папярэджваючы пра сур’ёзныя рызыкі для эканомікі Беларусі.

Апошнія навіны