У Мінску 10-гадовы школьнік аднёс у кусты $200 тысяч
- 5.08.2026, 12:50
Хлопчыка ўгаварылі «задэклараваць» усе бацькоўскія зберажэнні.
У Мінску 10-гадовага хлопчыка падманам прымусілі вынесці з дому амаль 200 тысяч долараў сямейных зберажэнняў
У беларускай сталіцы махляры падманам выманілі ў сям'і зберажэнні на суму, эквівалентную больш як 200 тысячам долараў, задзейнічаўшы ў схеме 10-гадовага сына ўладальнікаў кватэры. Падрабязнасці інцыдэнту раскрылі ў МУС.
Паводле даных ведамства, у міліцыю звярнуўся 42-гадовы жыхар Мінска, які паведаміў пра знікненне з кватэры буйной грашовай сумы. Першапачаткова мужчына падазраваў у крадзяжы сантэхніка, які, паводле слоў ягонага сына, нібыта прыходзіў у кватэру за адсутнасці дарослых.
Аднак у ходзе разбіральніцтва высветлілася, што ніякага сантэхніка насамрэч не было. Хлопчыку-чацвёртакласніку патэлефанавалі пад выглядам замены дамофона і папрасілі назваць код з атрыманага SMS-паведамлення. Хлопчык надыктаваў код, пасля чаго яму перазваніў ужо ілжасупрацоўнік міліцыі, які заявіў, што ўся сям'я нібыта падазраецца ў махлярстве. Школьніка ўгаварылі «задэклараваць» усе бацькоўскія зберажэнні.
Хлопчык ведаў месца, дзе бацькі трымалі грошы, адкладзеныя на куплю кватэры, і ў два заходы вынес з дому 160 тысяч долараў, 30 тысяч еўра і 30 тысяч беларускіх рублёў, пакінуўшы ўсю суму ў кустах непадалёк ад дома. На працягу ўсяго часу зламыснікі кантралявалі дзеянні дзіцяці па відэасувязі, а пасля заканчэння «аперацыі» загадалі яму як мага даўжэй гуляць на вуліцы, не вяртацца дадому і нікому не распавядаць пра тое, што адбылося.
У міліцыі адзначылі, што хлопчык раней наведваў прафілактычныя гутаркі з супрацоўнікамі праваахоўных органаў, быў дасведчаны пра махлярскія схемы і нават абмяркоўваў гэтую тэму з бацькамі — аднак у стрэсавай сітуацыі разгубіўся і паддаўся маніпуляцыям зламыснікаў.
Па дадзеным факце ўзбуджана крымінальная справа.