У аэрапорце Ляйпцыга выявілі дрон з выбухоўкай каля украінскага самалёта
- 5.08.2026, 13:03
Да дрона была прымацавана «невядомая маса».
У ноч на 5 жніўня аэрапорт у нямецкім Ляйпцыгу прыпыніў працу пасля таго, як каля ўзлётнай паласы выявілі падазроны прадмет.
Пра гэта паведамляе Bild.
Паводле звестак Bild, падазроны прадмет знаходзіўся ў непасрэднай блізкасці ад украінскага грузавога самалёта Ан-124.
Паводле даных медыякампаній NDR і WDR, а таксама газеты SZ, знойдзены аб'ект, верагодна, быў мадыфікаваным дроном. Як паведамілі ў паліцыі, да дрона была прымацавана «невядомая маса», якая, магчыма, з'яўляецца выбуховым рэчывам з дэтанатарам унутры.
Пасля выяўлення знаходкі сапёры павінны былі правесці кіраваны падрыў дрона з дапамогай робата. Паліцыя не выключае версію дыверсіі, цяпер вядзецца пошук аператара беспілотніка, а паўднёвая ўзлётна-пасадачная паласа аэрапорта застаецца закрытай.
З-за начнога інцыдэнту некалькі самалётаў былі перанакіраваныя ў іншыя аэрапорты.