FT: Трамп адмовіўся перадаць Украіне ракеты для Patriot
- 5.08.2026, 13:14
Падчас сустрэчы з Зяленскім у Авальным кабінеце.
Падчас сустрэчы ў Авальным кабінеце прэзідэнт ЗША Дональд Трамп адхіліў просьбу прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага аб прадастаўленні сотняў дадатковых ракет для сістэмы СПА Patriot. Пра гэта, са спасылкай на крыніцы, набліжаныя да перамоваў, паведамляе Financial Times.
Адзначаецца, што Трамп патлумачыў такое рашэнне дэфіцытам гэтых ракет на складах ЗША. Таксама ён заявіў, што Вашынгтон сам мае патрэбу ў боепрыпасах для абароны амерыканскіх баз на фоне вайны на Блізкім Усходзе.
Выданне адзначае, што атака РФ у ноч на 5 жніўня прадэманстравала, што паветраная абарона Кіева становіцца ўсё больш уразлівай. Гэта пакідае буйныя гарады Украіны фактычна безабароннымі падчас расійскіх атак напярэдадні зімы.
Акрамя адмовы пастаўляць ракеты для Patriot, ЗША дагэтуль вагаюцца і ў пытанні перадачы Украіне тэхналогій вытворчасці гэтых боепрыпасаў. Калі падчас саміту НАТА ў Турцыі Трамп запэўніў Зяленскага, што Вашынгтон дазволіць Украіне вырабляць гэтыя ракеты, то ў далейшым ён ужо не быў настолькі катэгарычным.
«Мы разглядаем гэтае пытанне. Гэта надзвычай магутная зброя, і… мы павінны быць некалькі асцярожнымі адносна таго, каму мы выдаём ліцэнзію. Насамрэч мы не выдаём ліцэнзій на абсталяванне», — заяўляў раней Трамп у інтэрв’ю газеце «Financial Times».