Трамп: Армузскі праліў неўзабаве будзе адкрыты
- 5.08.2026, 14:40
Прэзідэнт ЗША заявіў пра «вельмі канструктыўныя перамовы».
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заяўляе, што Армузскі праліў будзе адкрыты «ў бліжэйшы час», інакш ён пачне новую магутную атаку на Іран.
Заяву амерыканскага прэзідэнта цытуе CNN.
Трамп адзначыў, што з Тэгеранам працягваюцца «вельмі канструктыўныя перамовы», але папярэдзіў: калі Іран адмовіцца ад сваіх абавязацельстваў, ён ізноў нанясе ўдары.
«Праліў будзе адкрыты вельмі хутка, інакш яны атрымаюць вельмі моцны ўдар… Калі яны зноў адступяць, іх чакае сапраўды моцны ўдар. Яны гэта ведаюць. Яны гэта разумеюць. У мяне няма выбару», — сказаў амерыканскі прэзідэнт.
Па яго словах, у першую чаргу ён імкнецца не да аднаўлення атак, а да дасягнення дыпламатычнага пагаднення.
«Мы нанеслі ім вельмі, вельмі моцны ўдар. Але самы моцны ўдар яшчэ наперадзе, і, спадзяюся, нам не давядзецца яго прымяняць. Спадзяюся, што не давядзецца — у нас ідуць вельмі канструктыўныя перамовы. Ім не падабаецца гэта прызнаваць», — дадаў Трамп.
Іран абверг, што вядзе прамыя перамовы са Злучанымі Штатамі. Замест гэтага Тэгеран заявіў, што працуе з Аманам над дамоўленасцю аб адкрыцці праліву.
Пасярэднікі спадзяюцца, што пасля адкрыцця праліву ЗША і Іран змогуць аднавіць перамовы па ядзернай праграме.