Беларусы знаходзяць насякомых у шакаладках
- 5.08.2026, 19:50
Прадукцыя фабрыкі «Камунарка» шакуе.
Беларусы працягваюць дзяліцца ў сацыяльных сетках гісторыямі пра непрыемныя знаходкі ў шакаладнай прадукцыі фабрыкі «Камунарка». Адны пакупнікі выявілі ў шакаладнай плітцы запячатаную муху, іншыя — лічынак, што выклікала ажыўленую дыскусію пра якасць прадукцыі і ўмовы яе захоўвання.
Першай падставай для абмеркавання стаў пост карыстальніцы Threads з нікам .equ..taha._. Дзяўчына расказала, што купіла шакаладку «Любимая Алёнка», аднак пасля адкрыцця ўпакоўкі заўважыла ў верхнім куце пліткі запячатаную муху, паведамляе «Мінская праўда».
Паводле яе слоў, пасля такой знаходкі апетыт знік імгненна. На зварот пакупніцы аператыўна адрэагавалі прадстаўнікі фабрыкі. У кампаніі выбачыліся і паведамілі, што інфармацыю ўжо перадалі ў аддзел кантролю якасці, каб высветліць прычыны здарэння і не дапусціць падобных выпадкаў у будучыні.
Неўзабаве ў Threads з’явілася яшчэ адна публікацыя. Карыстальніца nnikki_v паведаміла, што набыла шакалад «Любимая Алёнка» з арахісам і выявіла ўнутры белых лічынак.
Пасля звароту на фабрыку ёй адказалі, што шакалад быў выраблены даволі даўно, таму прычынай маглі стаць неналежныя ўмовы захоўвання ўжо ў гандлёвай сетцы. Менавіта гэта тлумачэнне выклікала ў карыстальнікаў найбольш пытанняў. Пад публікацыяй разгарнулася актыўнае абмеркаванне. Шмат хто засумняваўся, што такія «сюрпрызы» маглі з’явіцца выключна з-за ўмоў захоўвання.
Вось толькі некаторыя з каментароў:
«Добра, калі б шакалад проста пабялеў або расплавіўся. Але адкуль чарвякі?»
«Калі ўпакоўка была цэлая, то якім чынам лічынкі маглі трапіць туды ўжо ў краме?»
«Атрымліваецца, прадукт быў заражаны яшчэ да пакупкі?»
«Пасля такога страшна адкрываць любую шакаладку».
«Затое натуральны прадукт — ніякіх штучных дабавак».
«Высокабялковы шакалад».
«Цяпер буду ўважліва сачыць за тэрмінам прыдатнасці і станам упакоўкі».
«Вельмі непрыемна, асабліва калі купляеш салодкасці дзецям».
Частка карыстальнікаў, наадварот, выказала меркаванне, што такія выпадкі сапраўды могуць быць звязаныя з працяглым захоўваннем прадукцыі або парушэннем тэмпературнага рэжыму ў крамах. Іншыя адзначылі, што ніколі не сутыкаліся з падобнымі праблемамі і працягваюць набываць прадукцыю фабрыкі.