Зяленскі абмеркаваў з генеральным сакратаром НАТА пастаўкі ракет-перахопнікаў для Украіны
- 5.08.2026, 20:36
Марк Рутэ паабяцаў паскорыць працэс.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі правёў размову з генеральным сакратаром НАТА Маркам Рутэ аб узмацненні ўкраінскай супрацьпаветранай абароны.
Бакі скаардынавалі сумесныя дзеянні для паскарэння паставак ракет-перахопнікаў ад краін-партнёраў. Аб гэтым прэзідэнт паведаміў у Telegram у сераду, 5 жніўня.
Паводле Зяленскага, Украіна цяпер максімальна актыўна працуе з усімі міжнароднымі партнёрамі, якія маюць адпаведныя магчымасці для абароны грамадзянскага насельніцтва ад расійскіх атак.
«Марк добра інфармаваны пра пагрозы, і мы скаардынавалі нашы дзеянні ў дачыненні да краін, якія маюць неабходныя ракеты і магчымасці для аказання дапамогі. Важна прыбраць бюракратычныя перашкоды і прыняць неабходныя палітычныя рашэнні», — падкрэсліў прэзідэнт.
Ён таксама адзначыў, што ад рашучасці еўрапейскіх і амерыканскіх партнёраў штодня залежаць жыцці ўкраінцаў, а таксама падзякаваў кіраўніку Альянсу за гатоўнасць шукаць новыя магчымасці для забеспячэння неабходных паставак.
У ноч на 5 жніўня 2026 года расійскія акупанты атакавалі Украіну чатырма супрацькарабельнымі ракетамі «Цыркон»/«Онікс» і 24 балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М»/С-400. З-за недахопу патрэбнай колькасці спецыялізаваных сістэм СПА супрацьпаветраная абарона не здолела збіць ніводнай з гэтых ракет.
У выніку варожых удараў у Кіеве і вобласці загінулі 17 чалавек, яшчэ 44 атрымалі раненні. Асноўнымі мэтамі РФ былі чыгуначная станцыя, аб’екты інфраструктуры і складскія памяшканні грамадзянскіх прадпрыемстваў — у прыватнасці, у той жа дзень Расія знішчыла адзін з найбуйнейшых складскіх і вытворчых комплексаў сеткі «Эпіцэнтр».