BE RU EN

Жыхары Крыму кінуліся шукаць у інтэрнэце электрагенератары

  • 5.08.2026, 23:24

Папулярнасць генератараў узрасла на фоне спробаў Украіны абясточыць паўвостраў ударамі дронаў.

Жыхары анексаванага Крыму ў ліпені больш як 1 млн разоў шукалі ў інтэрнэце інфармацыю пра электрагенератары, сведчаць дадзеныя статыстыкі «Яндэкса». Для параўнання, у чэрвені гэты паказчык складаў 239 тыс., а ў маі — усяго 97 тыс. Яшчэ каля 182 тыс. запытаў з Крыму ў ліпені прыпала на сонечныя панэлі супраць 34 тыс. у чэрвені і 4,5 тыс. у маі. Пры насельніцтве паўвострава каля 2,4 млн чалавек (з улікам дзяцей і пажылых) гэта азначае, што генератары шукаў практычна кожны другі жыхар Крыму. Рэзкі ўсплёск цікавасці да аўтаномных крыніц энергіі звязаны з сістэматычнымі ўдарамі ўкраінскіх беспілотнікаў па энергетычнай інфраструктуры паўвострава, якія прывялі да маштабнага энергакрызісу, перадае The Moscow Times.

Актывізацыя удараў па аб'ектах генерацыі і размеркавання электраэнергіі ў Крыму пачалася ў канцы мая. З 1 ліпеня па 5 жніўня Сілы беспілотных сістэм ЗСУ ў межах аперацыі «Крымскі рубільнік off» паразілі 201 энергааб'ект на акупаваных тэрыторыях, паведаміў 5 жніўня камандуючы СБС Роберт Броўдзі (пазыўны «Мадзяр»). У выніку пастаянных атак энергасістэма паўвострава апынулася на мяжы калапсу. Паводле звестак Адміністратара гандлёвай сістэмы аптавага рынку электраэнергіі («АТС»), у першыя 20 дзён ліпеня спажыванне электраэнергіі ў Крыму (без уліку Севастопаля) ўпала на 42% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, а ў Севастопалі — на 22%. У параўнанні з першай паловай чэрвеня падзенне ў Крыму склала 28%.

Балаклаўская ЦЭС у Севастопалі, атакованая 14 ліпеня, не працуе з 15-га — ЗСУ паразілі машынную залу станцыі з сістэмай астуджэння адной з турбін Siemens, пастаўленай у абыход санкцый. Другая ЦЭС — Таўрыцкая — працуе не на поўную магутнасць, вынікае з дадзеных «АТС».

Плановая вытворчасць электраэнергіі ў Крыму за 20 дзён ліпеня абвалілася на 86% год да года, а за ўвесь чэрвень зніжэнне склала 60% у гадавым вылічэнні. 26 чэрвеня на паўвостраве быў уведзены рэжым надзвычайнай сітуацыі. Без святла рэгулярна застаюцца жыхары амаль усіх гарадоў Крыму, у шэрагу раёнаў адключана вулічнае асвятленне, а ў населеныя пункты з працяглымі блэкаўтамі завозяць генератары. Аднак іх запраўка ўскладненая з-за перакрыцця ЗСУ паставак бензіну і дызельнага паліва. На гэтым фоне турыстычны паток на паўвостраў абваліўся больш як на 60%.

Апошнія навіны