У Мінску з'явілася «вафельная» разметка
- 6.08.2026, 10:16
На яе нельга выязджаць.
На скрыжаванні праспекта Пушкіна і вуліцы Прытыцкага ў Мінску нанеслі «вафельную» разметку – жоўтую сетку, на якую нельга выязджаць, калі наперадзе ўтварыўся затор і аўтамабіль давядзецца спыніць проста на скрыжаванні.
У ДАІ патлумачылі, што такая разметка павінна прадухіліць сітуацыі, калі аўтамабілі перакрываюць рух іншым удзельнікам дарожнага руху. Гэта дапаможа змяншыць заторы і знізіць рызыку аварыяў.
Кантроль кругласутачна
Выконанне патрабаванняў будуць кантраляваць кругласутачна, у тым ліку з дапамогай камер Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі, адзначылі ў ДАІ. Парушэнні супрацоўнікі ДАІ змогуць фіксаваць дыстанцыйна.
У Дзяржаўтаінспекцыі нагадваюць: Правілы дарожнага руху забараняюць выязджаць на скрыжаванне, калі затор наперадзе прымусіць вадзіцеля спыніцца на ім.
Калі такі манеўр прывядзе да стварэння аварыйнай абстаноўкі або ДТЗ, вадзіцелю пагражае штраф ад 5 да 20 базавых велічынь. Акрамя таго, яго могуць пазбавіць вадзіцельскіх правоў на тэрмін да двух гадоў.
«Вафельная» разметка абазначае ўчастак скрыжавання, на які забараняецца выязджаць, калі наперадзе ўтварыўся затор. Яе наносяць на найбольш загружаных скрыжаваннях, каб аўтамабілі не блакавалі скрыжаванне.