Летні набор кардыёлага: пяць рэчаў, якія спатрэбяцца ў спёку
- 6.08.2026, 10:58
Спатрэбяцца кішэнны вентылятар на батарэйках і не толькі.
На карціне Фрэдэрыка Лэйтана «Палымяны чэрвень» жанчына ў аранжавай сукенцы згарнулася клубочкам у крэсле і заснула. Такі стан раптоўнага знясілення і стомы можа быць адным з прыкметаў перагрэву. Каб з вамі не здарылася такая непрыемнасць, дзялюся сваімі дзейснымі парадамі на лета. Памятаем, што спёка прымушае арганізм працаваць больш інтэнсіўна. Сасуды скуры пашыраюцца, мацнее потаадлучэнне, сэрца скарачаецца часцей, каб дапамагчы целу аддаваць цяпло. Таму спёка стварае стрэсаўыя ўмовы для арганізма, — піша ўрач-кардыёлаг Аляксандра Тэлегузава у артыкуле для nv.ua.
1. Эрганамічная шматразовая бутэлька для вады
Асноўнае правіла: бутэлька павінна быць выраблена з бяспечных матэрыялаў, а таксама быць лёгкай, герметычнай і зручнай.
У спёку разам з потам арганізм губляе ваду. З-за гэтага змяншаецца аб’ём крыві, што цыркулюе ў арганізме, таму мы можам адчуваць тахікардыю, слабасць, галаўны боль і галавакружэнне.
Важна папаўняць вадны баланс менавіта чыстай вадой, а не кавай, смузі ці камбучай. Яны таксама ўтрымліваюць вадкасць, але будаваць увесь летні пітны рэжым выключна на іх не варта. Лепш піць рэгулярна на працягу дня, не дачакаючыся моманту, калі адчуеце смагу.
Просты бытавы арыенцір — колер мачы. Калі ён стаў прыкметна цямнейшым, гэта можа сведчыць пра недастатковае спажыванне вадкасці.
Адначасова ўніверсальнай нормы спажывання вады для ўсіх не існуе. Людзям з сардэчнай або нырачнай недастатковасцю ўрач можа абмежаваць сутачны аб’ём вадкасці. Ім не трэба пераходзіць на папулярны рэжым «два-тры літры ўсім без выключэння».
2. Кішэнны вентылятар на батарэйках або з USB-акумулятарам
Выглядае крыху смешна і навявае ўспаміны пра дзяцінства. Але пасля дваццаці хвілін у душным аўтобусе ператвараецца ў сапраўдную рэліквію і прадмет зайздрасці.
Міні-вентылятар зручна выкарыстоўваць у транспарце, у чарзе, на прагулцы, на дзіцячай пляцоўцы або падчас падарожжа. Для дзяцей лепш абіраць мадэль з закрытымі лапацямі, трывалай рашоткай, без дробных дэталяў і доўгіх шнуркоў.
Асабліва добра працуе спалучэнне руху паветра з увільгатненнем скуры: крыху прахалоднай вады на шыю, рукі або твар — і вентылятар паскарае яе выпарэнне. Менавіта выпарэнне дапамагае целу аддаваць цяпло.
3. Аўтаматычны танометр з манжэтай на плячо
Звычайна людзі дзяляцца на дзве групы. Першая вымярае ціск раз на год — пераважна тады, калі ўжо выклікала хуткую дапамогу. Другая вымярае яго кожныя сем хвілін, параўноўвае паказчыкі на правай і левай руках, а потым нерваваецца з-за розніцы ў тры міліметры ртутнага слупка.
Я жартую, але здароўе сапраўды не любіць крайнасцей.
У спёку праз пашырэнне сасудаў, страту вадкасці і дзеянне лекаў артэрыяльны ціск можа істотна зніжацца. Таму кантраляваць і ведаць свой ціск вельмі важна. Вымяраць яго трэба седзячы, пасля як мінімум пяці хвілін спакою, паклаўшы руку на апору. Найлепш зрабіць два паслядоўныя вымярэнні раніцай і ўвечары і запісаць вынікі.
Тэндэнцыя да зніжэння ціску не з’яўляецца падставай для самастойнай адмены прэпаратаў, калі вы іх прымаеце. Наадварот, гэта яшчэ адна падстава пагаварыць з кардыёлагам і перагледзець схему лячэння на перыяд спёкі.
Танометр патрэбны яшчэ і для таго, каб аб’ектыўна ацаніць стан мінака або калегі, якому стала блага.
4. Спрэй і невялікі ахаладжальны ручнік
Гэта мой фаварыт у катэгорыі «танна, проста, але працуе».
У маленькую бутэлечку з распыляльнікам можна наліць чыстую прахалодную ваду. Можна набыць і гатовы спрэй, але гэта дадатковыя выдаткі.
Увільгатняць шыю, перадплеччы і твар на працягу дня — карысная звычка, асабліва калі з сабой ёсць вентылятар.
Ахаладжальны ручнік дзейнічае па тым жа прынцыпе: яго можна намочыць, адціснуць лішнюю ваду і прыкладваць да шыі або плячэй. У крамах прадаюцца спецыяльныя спартыўныя ручнікі, як у баксёраў, але падыдзе і звычайная чыстая натуральная тканіна.
Заўважу: не варта прыкладваць лёд непасрэдна да скуры або надоўга пакідаць на ёй вельмі халодны ручнік.
У спрэй не варта дадаваць эфірныя алеі, духі або ментолавыя канцэнтраты. Яны не толькі маюць інтэнсіўны пах, які спадабаецца не ўсім, але і могуць раздражняць скуру, вочы і дыхальныя шляхі.
5. Парасон ад сонца або лёгкае адзенне з UPF-абаронай
Парасон летам — гэта не толькі аксесуар з курортнай фатаграфіі. Светлы парасон з маркіроўкай UV-абароны дапамагае зменшыць уздзеянне прамога сонечнага выпраменьвання, але не абараняе цела ад сонца поўнасцю. Таму нават пад парасонам варта карыстацца крэмам з SPF, насіць сонцаахоўныя акуляры і абараняць галаву.
Яшчэ адзін практычны варыянт — адзенне з UPF-абаронай. UPF паказвае, наколькі добра тканіна абараняе скуру ад ультрафіялетавага выпраменьвання. На лета можна абіраць лёгкія кашулі з доўгімі рукавамі, футболкі, накідкі і дзіцячае пляжнае адзенне з маркіроўкай UPF 30–50+.
Для дзяцей гэта асабліва зручна: крэм можна нанесці нераўнамерна або змыць вадой — усе сонцаахоўныя крэмы паступова змываюцца і патрабуюць паўторнага нанясення. Тканіна ж забяспечвае бесперапыннае пакрыццё.
Аднак адзенне павінна быць не толькі ахоўным, але і лёгкім, свабодным і паветрапранікальным. Шчыльная цёмная сінтэтычная кофта можа абараняць ад ультрафіялету, але пры гэтым ствараць дадатковую цеплавую нагрузку.
Парасон і адзенне з UPF дапаўняюць летні камплект абароны: галаўны ўбор, сонцаахоўныя акуляры і крэм на адкрытых участках скуры.