Сіноптыкі распавялі, што чакае Беларусь
- 6.08.2026, 13:53
Надвор’е рэзка зменіцца.
Белгідрамет абвясціў аранжавы ўзровень небяспекі на пятніцу, 7 жніўня. У многіх раёнах Беларусі чакаюцца навальніцы, моцныя ліўні, град і шквалісты вецер.
Пры навальніцах парывы ветру складуць 15–20 м/с, у асобных раёнах могуць дасягаць 24 м/с. Удзень на паўднёвым усходзе краіны паветра прагрэецца да +30…+34°С, месцамі — да +35°С.
На паўднёвым захадзе надвор’е зменіцца рэзка: туды пачне паступаць больш прахалоднае паветра, таму максімальная тэмпература складзе +22…+27°С.
Паводле даных «Метеовайба», неспакойнае надвор’е пачнецца ўжо ўначы. Праз Беларусь будзе праходзіць актыўны халодны фронт, на якім можа сфарміравацца хвалявое ўзрушэнне. Чакаем моцны вецер, дождж і град.
Удзень зона найбольш небяспечных з’яў зрушыцца на паўднёвы ўсход Беларусі. Там пройдуць кароткачасовыя дажджы з навальніцамі, магчымыя град і шквалісты вецер.
На захадзе і паўночным захадзе краіны, наадварот, ападкі ўдзень спыняцца. Пасля праходжання фронту трапічную спякоту зменіць больш прахалоднае паветра ўмераных шырот.
Уначы па Беларусі чакаецца ад +17 да +23°С.
У Белгідрамеце дадалі, што з 12 да 18 гадзін сёння на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца навальніцы, пры навальніцах месцамі моцныя ліўні, град і шквалістае ўзмацненне ветру. Навальнічная абстаноўка захаваецца да канца дня.