У «Белвеста» згарэла буйная партыя абутку на складах Wildberries
- 6.08.2026, 15:39
Кампанія знаходзіцца ў складаным фінансавым становішчы.
Беларускі вытворца абутку «Белвест» паведаміў, што страціў буйную партыю тавару падчас пажараў на складах Wildberries. Кампанія папрасіла пакупнікоў, якія планавалі нешта замовіць, не адкладаць пакупку, каб дапамагчы брэнду хутчэй аднавіцца, піша «Зеркало».
«На жаль, гэтая бяда не абмінула нас — згарэла вялікая партыя нашага абутку, якую мы з такой любоўю шылі для вас. Скажам шчыра: сітуацыя няпростая, і нам цяпер трохі сумна», — гаворыцца ў паведамленні «Белвеста».
У кампаніі заявілі, што маюць намер працягваць пастаўкі і як мага хутчэй запоўніць асартымент на маркетплэйсе новымі мадэлямі.
«Калі вы плануеце нешта замовіць, просім вас не адкладаць пакупку. Аформіўшы заказ цяпер, вы не толькі атрымаеце камфортны, скураны, сапраўдны абутак «Белвест», але і падтрымаеце любімы брэнд», — папрасіў кліентаў вытворца.
Памер шкоды і колькасць знішчанага абутку ў «Белвесце» не ўдакладнілі. І не паведамілі, ці разлічвае кампанія атрымаць кампенсацыю ад Wildberries.
Зазначым, «Белвест» ужо знаходзіцца ў складаным фінансавым становішчы. У студзені 2026 года Эканамічны суд Віцебскай вобласці прызнаў прадпрыемства эканамічна неплацежаздольным і ўвёў санацыю тэрмінам на 36 месяцаў. Гэтая працэдура павінна дапамагчы фабрыцы аднавіць плацежаздольнасць і разлічыцца з крэдыторамі.