На беларускім Палессі выявілі найрадзейшае насякомае
- 6.08.2026, 15:51
Сколію-гіганта знайшлі ў ваколіцах аграгарадка Лясковічы.
У ваколіцах аграгарадка Лясковічы энтамолагі выявілі сколію-гіганта — найбуйнейшую асу ў Еўропе, паведамілі у прэс-службе Нацыянальнага парку «Прыпяцкі».
Сколія-гігант — буйное перапончатакрылае насякомае. Даўжыня цела самак дасягае 32–40 мм, самцоў — 26–32 мм.
Гэта насякомае лічыцца рэдкім і з 2015 года ўключана ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Упершыню ў нашай краіне яго выявілі ў 2007 годзе ў Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку. Пазней, у 2014-м, асу назіралі ў вёсцы Дарашэвічы.
«Сёння папуляцыя сколіі-гіганта знаходзіцца пад сур'ёзнай пагрозай з-за комплексу экалагічных фактараў і дзейнасці чалавека», — канстатавалі ў Нацыянальным парку.
Прычынай гэтага стала скарачэнне колькасці буйных жукоў, лічынкі якіх служаць ежай для патомства сколіі. Спад іх папуляцыі наўпрост звязаны з знікненнем старых лясоў, расчысткай ветравалаў, вырубкай усыхаючых дрэў і выкарчоўваннем пнёў.
У сукупнасці гэта прыводзіць да таго, што рэдкія насякомыя перабіраюцца бліжэй да чалавека і размнажаюцца ў жылой зоне. Напрыклад, яны могуць пасяліцца ў кампостных ямах або ў кучы драўняных адходаў.
Дадатковую шкоду асам наносяць выпальванне травы і рэшткаў апрацоўкі драўніны, а таксама выкарыстанне пестыцыдаў.
У Нацпарку звярнулі ўвагу, што сколія-гігант з’яўляецца неатрутным відам насякомых.