Што будзе з надвор’ем у бліжэйшыя пяць гадоў?
- 6.08.2026, 16:48
Нас чакаюць экстрэмальныя пагодныя з’явы.
Найбліжэйшыя пяць гадоў могуць стаць самымі спякотнымі за ўсю гісторыю назіранняў. Да такой высновы прыйшлі Сусветная метэаралагічная арганізацыя (СМА) і Метэаралагічная служба Вялікабрытаніі, якія падрыхтавалі новы прагноз для ААН, піша Associated Press (пераклад — сайт Charter97.org).
Паводле ацэнак вучоных, верагоднасць таго, што прынамсі адзін з найбліжэйшых пяці гадоў пераўзыдзе рэкорд 2024 года па сярэдняй глабальнай тэмпературы, складае 86%. Акрамя таго, існуе 91-працэнтная верагоднасць, што як мінімум адзін год акажацца цяплей за адзнаку ў 1,5°C у параўнанні з даіндустрыяльным перыядам — менавіта гэты парог лічыцца ключавым арыенцірам Парыжскага кліматычнага пагаднення.
«Кожная дадатковая дзесятая доля градуса ўзмацняе наступствы», — адзначае сааўтар дакладу, клімолаг Меліса Сібрук. Паводле яе слоў, гаворка ідзе не пра рэзкі пераломны момант, а пра паступовы рост колькасці экстрэмальных пагодных з’яў.
Спецыялісты папярэджваюць, што свет сутыкнецца з больш частымі хвалямі спёкі, разбуральнымі паводкамі, засухамі і ляснымі пажарамі. Асабліва хутка будзе награвацца Арктыка — тэмпы пацяплення там, як чакаецца, акажуцца прыблізна ў 3,5 раза вышэйшыя за сярэднасусветныя. Адначасова басейн Амазонкі рызыкуе стаць значна сушэйшым, што павялічыць верагоднасць маштабных пажараў і аслабіць здольнасць найбуйнейшага трапічнага лесу паглынаць вуглякіслы газ.
«Гэта азначае, што нас чакаюць экстрэмальныя пагодныя з’явы, якія пераўзыходзяць усё, з чым мы сутыкаліся раней», — лічыць клімолаг Імперскага каледжа Лондана Фрыдэрыкэ Отта. Наступствамі могуць стаць рост колькасці ахвяр, скачкі цэн на прадукты і ўзмацненне прыродных катастроф.
У ААН падкрэсліваюць, што тэмпы глабальнага пацяплення пакуль апярэджваюць намаганні чалавецтва па яго стрымліванні.