Лукашысты патрацяць $5,8 мільёна на мадэрнізацыю фабрыкі валёнак
- 6.08.2026, 17:08
Грошы выдзеляць з інавацыйных фондаў.
Улады плануюць укласці 17 млн рублёў (каля $5,8 млн) з інавацыйных фондаў у Смілавіцкую валяльна-войлачную фабрыку. Гэта вынікае з пастановы Савміна.
Урад распарадзіўся выдзеліць у 2026—2028 гадах Смілавіцкай валяльна-войлачнай фабрыцы 9 млн рублёў з інавацыйнага фонду Мінскага аблвыканкама і яшчэ 8 млн — з рэспубліканскага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду.
Плануецца, што гэтыя сродкі пойдуць на мадэрнізацыю прадпрыемства. Паводле разлікаў Савміна, дзякуючы гэтаму ў 2029 годзе выручка завода павінна вырасці на 10%.
Да 15 сакавіка 2030 года прадпрыемства павінна будзе адсправаздачыцца, куды патрачаны сродкі і які эканамічны вынік дасягнуты.