«20 хвілін разборкаў»
- 6.08.2026, 21:10
У мінскім кінатэатры зладзілі скандал з-за адмовы пусціць немаўля на фільм 16+.
У Threads абмяркоўваюць пару з Мінска, якая прыйшла з маленькім дзіцем на трохгадзінны паказ фільма «Адысея» з узроставым абмежаваннем 16+. Супрацоўніца кінатэатра адмовілася прапускаць сям'ю, аднак пасля працяглай спрэчкі і ўмяшання адміністратара бацькі ўсё ж трапілі ў залу разам з малым.
Інцыдэнт адбыўся ў адным з мінскіх кінатэатраў Mooon, дзе паказвалі «Адысею» Крыстафера Нолана, піша «Зеркало».
«На фільм „Адысея“ не пускалі пару з дзіцем. Тлумачылі, што існуюць узроставыя абмежаванні 18+ (насамрэч рэйтынг фільма 16+. — Заўв. рэд.). Бацька дзіцяці жорстка „наехаў“ на дзяўчыну, якая стаяла на пропуску ў залу. Прыйшоў адміністратар і прапусціў. 20 хвілін разборкаў», — распавяла карыстальніца Threads.
Пры гэтым, паводле яе слоў, іншаму мужчыну, які прыйшоў на той жа сеанс з дзесяцігадовым сынам, прайсці не дазволілі.
Большасць каментатараў раскрытыкавалі як бацькоў, так і адміністратара кінатэатра, які прапусціў на сеанс дзіця. Людзі адзначалі, што гэта можа быць шкодна для самога малога, а некаторыя прапаноўвалі ў такіх выпадках званіць у міліцыю:
«Дзяўчыне, якая не пусціла, — прэмію. Адміністратара, які прапусціў, — пазбавіць прэміі і таксама аддаць яе дзяўчыне. Закон ёсць закон. А не так, што я прыйду, паскандалю — і мне цяпер усё можна. Гэта не тая сітуацыя, дзе можна паступіцца правіламі».
«Тут пытанні не толькі да работнікаў, але і да бацькоў… Цягнуць на фільм у тры гадзіны такое дзіця — гэта ж трэба дадумацца…»
«Калі ў адрас дзяўчыны гучалі абразы або пагрозы, трэба выклікаць міліцыю. У гандлёвым цэнтры яны праз тры хвіліны будуць на месцы».
«Яшчэ пытанне, наколькі гэты глядач быў карэктны з супрацоўнікам кінатэатра. Калі „наехаў“, дык гэта ўвогуле „адміністратыўка“. А ўвогуле сітуацыя вельмі гендарна паказальная: з дзяўчынай не атрымалася, адміністратар-мужчына ўсё вырашыў (пайшоў насустрач мужчыне). Фу! Вельмі дрэнна».
«Паход з немаўлём у звычайны кінатэатр катэгарычна не рэкамендуецца, бо гэта можа нанесці сур'ёзную шкоду фізічнаму і псіхічнаму здароўю дзіцяці. Асноўныя фактары рызыкі. Пашкоджанне слыху: узровень гуку ў кінатэатрах часта перавышае 85−100 дБ. У немаўлят слыхавыя праходы вузейшыя і больш адчувальныя, чым у дарослых. Такі шум можа выклікаць незваротную траўму органаў слыху. Зрокавая перагрузка: экран занадта вялікі, яркі і мігатлівы».
«Я супраць пазіцыі „чаму я павінен знаходзіцца побач з крычачым дзіцём“ як такой, бо яе ўжываюць і да паркаў, і да кавярняў, і да грамадскага транспарту. Але менавіта ў гэтай сітуацыі ніяк не атрымліваецца быць на баку бацькоў, бо кінатэатр у першую чаргу шкодны самому дзіцяці, там вельмі шумна».
«Там такі гучны гук, што шкада, не было бірушаў з сабой. Я скруціла сурвэткі і засунула ў вушы, каб не аглухнуць. Бацькі, якія цягнуць дзіця на фільм, а адміністратар, які пускае, заслугоўваюць прынамсі асветніцкай гутаркі. Правілы +18 проста існуюць».
«Мы таксама нядаўна хацелі схадзіць з нашым двухгадовым дзіцем на мультфільм. Але ўбачылі ўзроставыя абмежаванні 14+ і адразу перадумалі. Думаю, такія абмежаванні ставяць не проста так. Да таго ж у такім узросце дзіцяці і самому цяжка спакойна выседзець амаль дзве гадзіны ў кінатэатры».
Дарэчы, некаторыя паставіліся да сітуацыі менш катэгарычна:
«Пытанне з узроставымі абмежаваннямі неадназначнае: цягаць маленькае дзіця не на мульцік — не нарм. Але!!! Просты прыклад — „Чалавек-павук“. 16+?! Што??? Мы ўсе яго з дзяцінства глядзелі».
«Ды чаго ўсе такія злыя?! Але галоўнае — каб не раўло ўвесь фільм. Шкада, вядома, калі няма бабуль і дзядуль, на каго можна на час пакінуць дзіця…»
«Хіба ў прысутнасці законных прадстаўнікоў на маркіроўку не заплюшчваюць вочы? Калі бацькі прынялі рашэнне, што дадзены матэрыял не будзе мець згубнага ўплыву на дзіця».
У каментарыях да паста з'явіўся адказ кінатэатра Mooon. Там пацвердзілі, што ўзроставыя абмежаванні павінны выконвацца для ўсіх наведвальнікаў, і паабяцалі разабрацца ў сітуацыі.
«Вы маеце рацыю: калі ў фільма ўсталяваны рэйтынг 16+, гледачы малодшыя за гэты ўзрост не могуць быць дапушчаныя ў залу. Гэта правіла павінна выконвацца для ўсіх гасцей. Мы не будзем каментаваць дэталі па канкрэтных гасцях у публічнай прасторы, але абавязкова праверым сітуацыю з камандай: чаму ўзнікла такая працяглая разборка ля ўваходу ў залу і на якой падставе было прынята рашэнне аб допуску.
Дзякуй, што звярнулі на гэта ўвагу. Такія сітуацыі не павінны вырашацца „па настроі“: правілы аднолькавыя для ўсіх», — заявілі ў кінатэатры.