BE RU EN

Беларускія музыкі зняліся ў новым сезоне серыяла Netflix «1670»

  • 6.08.2026, 21:22

Беларусы сыгралі ўкраінскіх казакоў.

Удзельнікі беларускага гурта Kasary зняліся ў трэцім сезоне польскага камедыйнага серыяла «1670». Яны сыгралі ўкраінскіх казакоў. Пра гэта MOST распавёў прадстаўнік гурта Сяргей Доўгушаў.

Здымкі адбываліся амаль год таму пад Варшавай. Раней удзельнікі гурта ўжо здымаліся ў адной з польскіх стужак, таму іх звесткі былі ў базе акцёраў масавых сцэн. Калі да беларусаў патэлефанавалі прадстаўнікі каманды «1670», яны адразу пагадзіліся.

«Я сам люблю гэты серыял і не мог паверыць, што атрымаецца пабыць унутры — якраз у сцэне „Польшча для казакоў“», — распавёў Сяргей Доўгушаў.

Беларусы з'явіліся ў адной з музычных сцэн трэцяга сезона. Асноўныя здымкі з іх удзелам занялі адзін дзень.

«1670» — польскі сатырычны камедыйны серыял у фармаце псеўдадакументальнага фільма, выпушчаны для Netflix. Першы сезон выйшаў 13 снежня 2023 года. Дзеянне ў серыяле адбываецца ў 1670 годзе ў Рэчы Паспалітай.

Галоўны герой — дробны шляхціч Ян Павел Адамчэўскі, уладальнік паловы вёскі Адамчыха. Ён шчыра лічыць Польшчу найвялікшай дзяржавай свету і марыць увайсці ў гісторыю як самы выбітны чалавек свайго часу. Аднак замест вялікіх здзяйсненняў яму пастаянна даводзіцца разбірацца з сямейнымі сваркамі, лянівымі сялянамі, канфліктамі з суседам, мясцовай палітыкай і ўласнымі амбіцыямі.

Апошнія навіны