Моцная навальнічная непагода пакінула без электрычнасці сотні населеных пунктаў у Беларусі
- 7.08.2026, 9:13
Найбольш складаная сітуацыя — у Вілейскім раёне.
Увечары 6 жніўня ў Беларусь прыйшоў навальнічны фронт, пад удар непагоды трапілі многія раёны краіны. Парушэнні электразабеспячэння зафіксаваныя ў 438 населеных пунктах, паведамілі у Мінэнерга.
«Парушэнні электразабеспячэння зафіксаваныя ў 438 населеных пунктах. Найбольш складаная сітуацыя — у Мінскай, Віцебскай, Гродзенскай і Гомельскай абласцях. У Мінскай вобласці часова парушана электразабеспячэнне ў 295 населеных пунктах», — расказалі ў Мінэнерга.
Як паведамляецца, пашкоджанні закранулі пераважна размеркавальныя сеткі 10 кВ — адключаныя 95 ліній электраперадачы. Над аднаўленнем падачы электрычнасці працуюць 180 брыгад энергетыкаў.
«Найбольш складаная абстаноўка захоўваецца ў Вілейскім раёне, дзе непагода закранула 172 населеныя пункты. Пашкоджана 20 ліній электраперадачы 10 кВ, маюцца пашкоджанні апор і масавыя падзенні дрэў», — праінфармавалі ў ведамстве.
Нагадаем, што з-за дрэў, якія ўпалі на чыгуначныя шляхі, раніцай 7 жніўня паведамлялася пра затрымкі цягнікоў Віцебск — Мінск і Крулеўшчызна — Маладзечна.