BE RU EN

Азербайджанскі апазіцыянер Алі Керымлі паведаміў пра нялюдскія ўмовы ў зняволенні

  • 7.08.2026, 10:31

Праваабаронцы заклікаюць спыніць жорсткае абыходжанне і вызваліць палітыка.

Лідар азербайджанскай апазіцыі Алі Керымлі, які знаходзіцца пад арыштам з канца 2025 года, паведаміў праз сваіх блізкіх пра рэзкае пагаршэнне ўмоваў утрымання. Падчас пасяджэння Апеляцыйнага суда, дзе разглядалася яго скарга з патрабаваннем замяніць утрыманне пад вартай хатнім арыштам, палітык неаднаразова прасіў даць яму вады, бо, паводле яго слоў, у СІЗА яго пазбаўляюць доступу да пітной вады нават у моцную спёку.

«У такую страшную спёку мне не даюць вады», — сказаў ён падчас судовага пасяджэння. У дзень слуханняў тэмпература паветра ў Баку дасягала 30–35 градусаў пры высокай вільготнасці, што робіць абязводжванне асабліва небяспечным. Родныя палітыка таксама паведамілі Charter97.org, што па дарозе ў суд ён страціў прытомнасць у аўтазаку пасля таго, як яму адмовілі ў пітной вадзе.

«Яны забіваюць мяне тут», — перадаў ён кароткае, але трывожнае паведамленне.

За месяцы зняволення палітык моцна пахудзеў, ягоны знешні выгляд прыкметна змяніўся, а на твары з’явіліся глыбокія сляды фізічнага знясілення. Падчас пасяджэння ён выглядаў надзвычай занепакоеным, эмацыйна знясіленым і знаходзіўся пад моцным псіхалагічным ціскам.

Раней міжнародныя праваабарончыя арганізацыі ўжо выказвалі сур’ёзную заклапочанасць умовамі ўтрымання Алі Керымлі. Паводле Human Rights Watch, пасля інтэрв’ю заходнім СМІ ўлады ўзмацнілі ціск — скарацілі тэлефонныя размовы, забаранілі перадачы ад сям’і, адключылі тэлебачанне і абмежавалі доступ да друкаваных матэрыялаў. Праваабаронцы заклікалі спыніць жорсткае абыходжанне і вызваліць палітыка.

Апошнія навіны