У МЗС Польшчы адрэагавалі на істэрыку Захаравай
- 9.08.2026, 22:06
Варшава заклікала «звярнуцца да фактаў».
У Міністэрстве замежных спраў Польшчы параілі прэс-сакратару расійскага МЗС не абвінавачваць Варшаву, а «паглядзець на Маскву» пасля яе абуранай рэакцыі на словы прэзідэнта Кароля Навроцкага пра тое, што ў стратэгічных інтарэсах Польшчы «дапамагаць там, дзе б'юць маскаля».
Адказ прэс-сакратара Міністэрства замежных спраў РФ апублікаваў прэс-сакратар МЗС Польшчы Мацей Вевюр.
«Марыя Захарава зноў пагражае Польшчы. Як заўсёды, звернемся да фактаў», — заявіў ён.
Прэс-сакратар адзначыў, што, нягледзячы на ўражальныя геаграфічныя памеры РФ, яе насельніцтва і рэсурсы, Польшча мае ўдвая большы ВУП, удвая больш дарог і ў 10 разоў ніжэйшую статыстыку забойстваў, а таксама забяспечвае годную сацыяльную падтрымку сям'ям, тады як у Расіі сацыяльная падтрымка звялася да «баявых і пахавальных».
«Прэс-сакратар расійскага МЗС кажа, што „калісьці ў нас была мяжа ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, ад якой з-за такіх людзей, як Навроцкі і Радаслаў Сікорскі, нічога не засталося“. Але яна забывае, што менавіта Расія пагражае сваім суседзям і нападае на іх — або ваеннай сілай, або гібрыднымі метадамі», — заявіў Мацей Вевюр.
«Усе хацелі б мець за суседа таго, з кім можна гандляваць, у чымсьці не згаджацца, спрачацца — але не агрэсара, да адпору якому яны вымушаныя рыхтавацца. Замест таго каб зноў шукаць вінаватых у Варшаве, паглядзіце на Маскву, спадарыня Захарава», — напісаў ён.