СМІ: Пуцін у апошні момант перадумаў сустракацца з кіраўніком ЦРУ
- 1.09.2026, 11:40
Рашэнне прынялі пасля таго, як Крэмль даведаўся пра змест паслання амерыканскага разведчыка.
Крэмлёўскі дыктатар Уладзімір Пуцін быў гатовы асабіста сустрэцца з дырэктарам ЦРУ Джонам Рэткліфам падчас яго візіту ў Маскву, але ў апошні момант адмовіўся ад перамоваў.
Паводле звестак крыніцы «Агенцтва», рашэнне прынялі пасля таго, як Крэмлю стала вядомае змест паслання амерыканскага разведчыка.
Рэткліф, паводле слоў суразмоўцы праекта, прыехаў у Маскву з заклікам як мага хутчэй завяршыць вайну супраць Украіны.
Ён зыходзіў з таго, што вайсковае і эканамічнае становішча РФ пагаршаецца, і Маскве выгадней дамовіцца цяпер, пакуль сітуацыя не стала яшчэ цяжэйшай.
Падчас візіту 25 жніўня кіраўнік ЦРУ сустрэўся з дырэктарам СВР Сяргеем Нарышкіным, а таксама, паводле дадзеных заходніх СМІ, з кіраўніком ФСБ Аляксандрам Бортнікавым.
Пасля адной з сустрэч змест перамоў нібыта перадалі Пуціну, пасля чаго ад асабістай сустрэчы расійскага прэзідэнта з Рэткліфам вырашылі адмовіцца.
Крыніца «Агенцтва» сцвярджае, што пасланне амерыканца ў Крэмлі ўспрынялі як празмерна жорсткае. «Яго пасланне выглядала так, нібыта Зяленскі ўжо стаіць на Паклоннай гары і ў бінокль разглядае Крэмль», – заявіў суразмоўца.
Па яго словах, рэакцыю Крэмля можна апісаць фразай: «Здаецца, Рэткліф памыліўся адрасам». Пры гэтым крыніца не змагла сказаць, ці адлюстроўвала пазіцыя дырэктара ЦРУ меркаванне ўсёй адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.