BE RU EN

На мяжы з Польшчай утварылася вялізная чарга

  • 1.09.2026, 12:44

775 аўтамабіляў чакаюць выезду.

На памежным пераходзе «Брэст» раніцай 1 верасня ўтварылася чарга на выезд у Польшчу з 775 легкавых аўтамабіляў, паведамляе Дзяржпагранкамітэт. Затое трапіць у Польшчу праз «Брузгі» можна даволі хутка. Журналісты «Белсата» распавядаюць, што адбываецца на мяжы.

Паводле Дзяржпагранкамітэта, акрамя «Брэста», каля 10:00 паводле мінскага часу іншых аўтамабільных чэргаў на выезд з Беларусі ў ЕС няма.

Вадзіцелі, якія каля 11-й раніцы ехалі ў Беларусь праз «Тэрэспаль», паведамілі ў чаце, дзе абмяркоўваюць праходжанне мяжы, што пад’язджалі адразу да шлагбаўма.

Праз пункт пропуску «Брузгі» аўтамабілі ў Польшчу праходзілі хутка.

«Заехалі на (кантроль. — Рэд.) РБ 01.09 а 8:00, выехалі а 8:20. Агляд павярхоўны, нічога не распытвалі. А 8:40 заехалі на польскі (бок. — Рэд.). Праверылі агнетушыцель, спыталі, куды едзем. Праверылі святло фар. Папрасілі адкрыць сумкі. Выехалі а 9:36. Разам 1,5 гадзіны», — падзяліўся адзін з вадзіцеляў, які ехаў праз «Брузгі».

Таксама Дзяржпагранкамітэт не фіксуе чэргаў аўтобусаў.

Пасажыры аўтобусаў, якія ўначы ехалі з Беларусі ў Польшчу праз «Брэст — Тэрэспаль», распавядаюць у чатах, што ўсё прайшло даволі хутка. Адзін з аўтобусаў Гомель — Варшава пад’ехаў да мяжы крыху пазней за поўнач 1 верасня. Паколькі чэргаў не было, удалося адразу праехаць за шлагбаўм, дзе ўжо было два аўтобусы. А 2:30 аўтобус прайшоў беларускі кантроль, а 4:00 выехаў ад беларускіх памежнікаў, а 7:30 заехаў на польскі кантроль. Ужо а 8:25 аўтобус выехаў з польскай мытні.

Тыя, хто едуць праз «Каменны Лог» у Літву на аўтобусе, таксама распавядаюць, што чэргаў няма, і працэс праходжання мяжы даволі хуткі. Напрыклад, аўтобус Мінск — Вільнюс прыбыў на мяжу а 8:50 1 верасня і адразу пад’ехаў да беларускага шлагбаўма. А 9:35 прайшоў беларускі кантроль, а 9:40 пад’ехаў да літоўскага шлагбаўма. Наперадзе быў адзін аўтобус, які запусцілі на кантроль.

Апошнія навіны