Два супертанкеры паражаныя невядомымі снарадамі ў Армузскім праліве
- 1.09.2026, 13:14
ЗША раней сцвярджалі, што размінавалі гандлёвыя шляхі.
Два супертанкеры былі паражаныя невядомымі снарадамі адзін за адным падчас праходжання праз вузкае месца ў Армузскім праліве, паведамляе Bloomberg са спасылкай на даныя Marisks — грэчаскай кампаніі, якая спецыялізуецца на пытаннях марской бяспекі. Гэта Sidr (IMO: 9854715), які належыць саудаўскай суднаходнай кампаніі Bahri, і Senegal Prosperity (IMO: 9532757) паўднёвакарэйскай Sinokor.
Раней, 31 жніўня, Брытанскае ўпраўленне марскіх гандлёвых аперацый (UKMTO) паведаміла, што ў танкер, які знаходзіўся прыблізна ў 30 км ад порта Хасаб у Амане, трапілі тры снарады. UKMTO не паведаміла назву танкера. Паводле даных Marisks, трыма снарадамі быў паражаны Senegal Prosperity.
У той жа дзень КСІР паведамляў, што ў Армузскім праліве супертанкер падарваўся на марскіх мінах. «Некалькі гадзін таму супертанкер, які парушыў правілы і спрабаваў прайсці нелегальным шляхам у паўднёвай частцы Армузскага праліва, загарэўся пасля сутыкнення з двума марскімі мінамі і быў цалкам спынены», — гаварылася ў заяве, апублікаванай агенцтвам Tasnim.
Цэнтральнае камандаванне Узброеных Сіл ЗША (CENTCOM) назвала гэтае сцвярджэнне хлуснёй. «Ніводнае судна не сустрэла мін у Армузскім праліве. Гэта чарговая спроба Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі запалохаць рэгіянальнае камерцыйнае судаходства з дапамогай дэзінфармацыі», — гаварылася ў паведамленні, апублікаваным у Twitter.