BE RU EN

Расійскія чыноўнікі масава скупляюць сістэмы супраць праслухоўвання

  • 1.09.2026, 18:32

Праслухоўваць чыноўнікаў спрабуюць як расійскія спецслужбы, так і замежныя.

Чыноўнікі ў расійскіх рэгіёнах масава набываюць сістэмы супраць праслухоўвання і патрацілі на іх мінімум 20 млн рублёў за два гады, піша Mash са спасылкай на дзяржзакупкі. Найчасцей яны купляюць два віды абароны — генератар-вібраўзбуджальнік і акуставыпраменьвальнік. Першы мацуецца да акна і стварае вібрацыі. У выніку становіцца складаней зняць гук са шкла ў памяшканні. Акуставыпраменьвальнік ставяць побач з дзвярыма, з вентыляцыяй або са столлю. Ён стварае шум, які таксама перашкаджае запісаць размову. Самі прылады павінны вырабляцца ў Расіі, а пастаўшчыкі атрымліваюць ліцэнзіі на працу, звязаную з дзяржаўнай таямніцай.

Найбольш баюцца праслухоўвання чыноўнікі ў Башкірыі, дзе патрацілі 1,1 млн рублёў на сістэмы супраць яго. Іх таксама набывалі ў Расійскай акадэміі навук на агульную суму 666 000 рублёў, у Далёкаўсходняй мытні — 500 000 і ў Бранскай абласной думе — 400 000 рублёў.

У ўсіх гэтых ведамствах і арганізацыях у апошнія гады выяўляліся карупцыйныя схемы і ўзбуджаліся крымінальныя справы. У Башкірыі былы в. а. віцэ-прэм'ера Алан Марзаеў атрымаў 13 гадоў калоніі за атрыманне хабару ў 37 млн рублёў ад будаўнічых кампаній. У Бранскай вобласці ў 2025 годзе былі затрыманыя былы віцэ-губернатар Мікалай Сіманенка і кіраўнік абласнога ўпраўлення будаўніцтва Яўген Жура за злоўжыванні са шкодай у 818 млн рублёў, а былы намеснік губернатара Сяргей Цімашэнка стаў фігурантам справы аб атрыманні хабароў на 7 млн рублёў. У 2025 годзе былы намеснік прэзідэнта РАН Канстанцін Сонцаў быў прызнаны вінаватым па справе аб крадзяжы 168,7 млн рублёў са сродкаў Акадэміі навук і легалізацыі гэтых грошай. У Далёкаўсходнім мытным упраўленні карупцыйныя справы ўзбуджаюцца рэгулярна — мінімум восем крымінальных спраў за 2025 год.

Праслухоўваць чыноўнікаў спрабуюць як расійскія спецслужбы, так і замежныя. У мінулым годзе ФСБ абвінаваціла замежныя спецслужбы ў праслухоўванні высокапастаўленых расійскіх чыноўнікаў праз смартфоны. Паводле дадзеных спецслужбы, выкарыстоўваліся праграмы для праслухоўвання перамоў, а таксама негалоснага акустычнага і відэакантролю паблізу электронных прылад. Напрыклад, Bloomberg апублікаваў тэлефонную размову памочніка Трампа Сцівена Ўіткафа і памочніка Пуціна Юрыя Ушакава ад 14 кастрычніка 2025 года. Выданне «Важные истории» са спасылкай на крыніцы ў спецслужбах пісала, што ФСБ актыўна праслухоўвае палітыкаў. «Усю тэхніку пераарыентавалі на праслухоўванне ўрада і іншых органаў улады», — казаў супрацоўнік спецслужбы.

Апошнія навіны