BE RU EN

ISW: Ні адзін расійскі спадарожнік з партыі «аналага Starlink» не выйшаў на патрэбную арбіту

  • 1.09.2026, 19:02

Апараты былі запушчаны 19 ліпеня.

Спробы Расіі як мага хутчэй стварыць уласную спадарожнікавую групоўку, якая замяніла б Starlink Ілона Маска і дазволіла б арміі наносіць удары па ўкраінскіх войсках, церпяць крах. Ні адзін з другой партыі прызначаных для гэтага спадарожнікаў «Рассвет» не выйшаў на патрэбную вышыню, піша Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Спадарожнікі былі запушчаны 19 ліпеня, але на 31 жніўня ніводзін з 16 апаратаў не знаходзіўся на запланаванай вышыні 550 км, сведчаць даныя сэрвісу N2YO, які адсочвае спадарожнікі ў рэжыме рэальнага часу. Многія з іх аказаліся на вышыні 300–400 км, арбіта некаторых зніжаецца, а як мінімум два рухаюцца да ўваходу ў атмасферу Зямлі. Пры гэтым працоўная вышыня спадарожнікаў «Рассвет» — 870 км.

З першай партыяй, адпраўленай у космас 24 сакавіка, таксама выйшла няўдача. Станам на 31 ліпеня толькі 12 з 16 спадарожнікаў выйшлі на запланаваную вышыню 550 км і заставаліся на ёй да канца жніўня. Паводле ISW, гэтыя 12 спадарожнікаў забяспечвалі расійскім войскам сувязь з наземнымі тэрміналамі на акупаванай тэрыторыі Украіны толькі двойчы на дзень працягласцю да паўтары гадзіны.

Хаця большасць апаратаў з другой партыі застаюцца ў космасе, знаходжанне на больш нізкіх арбітах скарачае тэрмін іх службы праз супраціў верхніх слаёў атмасферы і большы расход паліва, адзначае ISW:

«Нявядома, колькі часу спадарожнікі «Рассвет» будуць заставацца на больш нізкіх арбітах, але, верагодна, яны не праслужаць столькі, колькі планавала Расія».

Спадарожнікавая сувязь вельмі патрэбная расійскай арміі. На пачатку года Starlink пасля звароту да Маска тадышняга міністра абароны Міхаіла Фёдарава адключыла тэрміналы, дастаўленыя кантрабандай у расійскія часткі на акупаванай тэрыторыі. Гэта пазбавіла іх магчымасці карыстацца спадарожнікавай сувяззю для арганізацыі атак БПЛА, каардынацыі дзеянняў і іншых мэт. Z-блогеры пасля неаднаразова скардзіліся, што баяздольнасць расійскай арміі моцна пацярпела без Starlink, і тлумачылі гэтым страту ёю ініцыятывы на полі бою.

Сёлета прасоўванне акупацыйных войскаў моцна запаволілася ў параўнанні з мінулым, былі нават некалькі месяцаў, калі яны страчвалі тэрыторыю.

Станам на канец жніўня толькі 37,5% запушчаных спадарожнікаў серыі «Рассвет» выйшлі на стабільную працоўную вышыню, канстатуе ISW. Татальная няўдача з другой партыяй сведчыць пра тое, што Расія, імкнучыся як мага хутчэй разгарнуць групоўку, аказалася не гатовая да рэалізацыі праекта «такімі тэмпамі і, верагодна, сутыкнецца з дадатковымі затрымкамі».

Аэракасмічная кампанія «Бюро 1440», якая распрацоўвае гэтыя спадарожнікі, паведамляла, што плануюцца яшчэ «дзесяткі» запускаў для разгортвання «сотняў» апаратаў. Але на арбіту яны выводзяцца ракетай «Саюз-2.1б»; пры цяперашняй частасці яе выкарыстання Расія зможа запусціць не больш за 128 спадарожнікаў «Рассвет» за чатыры гады, «пры гэтым няма гарантыі, што ўсе яны будуць працаздольныя». Акрамя таго, гэта ракета патрэбная для дастаўкі і іншых грузаў, дадае ISW.

Апошнія навіны