Зяленскі: Украіна пачынае закрываць неба над Расіяй
- 1.09.2026, 21:20
Прэзідэнт Украіны папярэдзіў авіякампаніі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што расійская паветраная прастора становіцца небяспечнай для авіякампаній, страхоўшчыкаў і іншых удзельнікаў міжнародных авіяперавозак.
Пра гэта ён сказаў падчас вячэрняга звароту ў аўторак, 1 верасня.
Паводле яго слоў, Украіна не ўяўляе пагрозы для грамадзянскай авіяцыі і не збіраецца атакаваць грамадзянскія самалёты. У той жа час ён падкрэсліў, што з-за актыўнасці беспілотнікаў у небе над Расіяй сітуацыя з авіяперавозкамі змяняецца.
«Сёння мы хочам папярэдзіць кожную авіякампанію, якая выкарыстоўвае расійскую паветраную прастору, кожнага страхоўшчыка, усіх, хто ўсё яшчэ карыстаецца ключавымі расійскімі аэрапортамі: расійскае неба становіцца цалкам небяспечным», — заявіў Зяленскі.
Прэзідэнт адзначыў, што расійскія ўлады не паведамляюць пра рэальны ўзровень пагроз, аднак, паводле яго слоў, фактычна паветраная прастора РФ будзе паступова закрывацца з-за вайны, якую распачала Расія.
«Вайна, развязаная Расіяй, закрывае яе неба», — падкрэсліў Зяленскі.
Паводле яго слоў, Украіна не хоча дапускаць страт сярод мірнага насельніцтва, таму папярэджвае іншыя краіны пра небяспекі, звязаныя з палётамі над тэрыторыяй Расіі.
«Кожны з іх добра ведае, што азначае расійская вайна для нашай краіны, для нашых людзей, і павінен данесці гэтую інфармацыю да сваіх сталіц», — заявіў прэзідэнт.
Асобна ён звярнуўся да авіякампаній, якія працягваюць выконваць рэйсы ў расійскія аэрапорты, у прыватнасці ў Маскву, Санкт-Пецярбург і па іншых ключавых накірунках.
«Грамадзянскай авіяцыі не месца сярод дронаў», — падкрэсліў прэзідэнт Украіны.