У Літве недалёка ад мяжы з Беларуссю знайшлі неразарваную гранату
- 10.09.2026, 9:39
На месца прыбылі сапёры.
У Літве за 1,3 кіламетра ад мяжы з Беларуссю выявілі баявую гранату часоў Другой сусветнай вайны. Пра гэта паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
Гранату падчас працы ў полі знайшоў мясцовы фермер і паведаміў пра яе памежнікам. На месца прыбылі сапёры.
«Яны ўстанавілі, што знойдзены прадмет — савецкая ручная граната Ф-1 часоў Другой сусветнай вайны. Пасля агляду было прынята рашэнне абясшкодзіць гранату на месцы», — паведамілі ў Службе аховы.
Савецкая (расійская) ручная граната Ф-1 — супрацьпяхотны абарончы выбуховы боепрыпас. Яна была створаная на аснове французскай гранаты F1 і змяшчае 60 г выбуховага рэчыва. Агульная маса гранаты з запалам — каля 600 г. З-за сваёй формы і жоўта-зялёнага колеру яна атрымала мянушку «лімонка». Як адзначылі літоўскія памежнікі, нават праляжаўшы ў зямлі больш за 80 гадоў і пакрыўшыся іржой, яна ўсё яшчэ можа быць смяротна небяспечнай.