BE RU EN

У Смалявічах затапіла цэнтр горада

  • 11.09.2026, 4:46

Каналізацыю забіла вільготнымі сурвэткамі і іншым смеццем.

У цэнтры Смалявічаў з 9 верасня прабіваюць засоры ў каналізацыі. З-за коркаў з вільготных сурвэтак і іншага смецця сцёкі хлынулі ў падвалы дзіцячага садка і Дома культуры, піша раённае дзяржаўнае выданне «Край Смалявіцкі». Калі не ўдасца прабіць засоры — давядзецца разрыць цэнтр горада.

Водаканал працуе ў аўральным рэжыме другі дзень запар — да позняга вечара. Прычына — гіганцкія коркі з вільготных сурвэтак і ануч, адзначае дырэктар Смалявіцкага водаканала Яўген Мікалаеў.

З-за засора нечыстоты ўжо затапілі падвалы дзіцячага садка і Дома культуры ў цэнтры горада. Увечары 9 верасня ўдалося прабіць частку коркаў, але праца не спыняецца — засмечана каля паўкіламетра каналізацыйнай сеткі.

«Толькі за ўчарашні вечар нашы рабочыя ўручную дасталі з калодзежа каля 10 вёдраў гэтага смецця! Усяго выцягнулі больш за 200 кілаграмаў слежаных сурвэтак і веташы. І гэта далёка не ўсё — калодзеж дагэтуль поўны, мы яго раскачваем машынамі, прабіваемся далей», — расказаў Мікалаеў.

У выпадку, калі прабіць засоры не ўдасца, давядзецца перакапаць плошчу ў цэнтры горада. Калектары там глыбінёй пяць метраў, яшчэ і пясок-плывун, таму катлаван атрымаецца як мінімум шэсць метраў шырынёй.

Кіраўнік водаканала звярнуўся да мясцовых жыхароў:

«Мы неаднаразова прасілі і папярэджвалі: будзьце добрыя, паважайце працу іншых людзей і цэніце ўласны камфорт! Мы працуем для вас. Але вашы вільготныя сурвэткі, кінутыя ў ўнітаз, цалкам спыняюць гарадскую сістэму водаадвядзення. А потым у водаканал паступаюць дзясяткі скаргаў на тое, што нечыстоты стаяць у падвалах. Але ж людзі самі ствараюць гэтыя аварыйныя сітуацыі! Чысціня і парадак залежаць толькі ад нашага агульнага ўзаемадзеяння: вы не смеціце ў каналізацыю — мы якасна робім сваю працу».

У раёнцы нагадалі, што ўнітаз прызначаны толькі для вадкіх бытавых адходаў і зрабілі простую выснову:

«Пастаўце ў прыбіральні звычайнае смеццевае вядро — выратуйце горад ад праблем».

Апошнія навіны