Буданаў выстаўіў ультыматум Крамлю
- 11.09.2026, 14:02
Украіна гатовая ўзмацніць удары.
Кіраўнік Офіса Прэзідэнта Украіны Кірыл Буданаў заявіў, што Сілы абароны ўзмоцняць удары па тэрыторыі краіны-агрэсара Расіі, калі Масква не спыніць вайну. Пра гэта ён сказаў у інтэрв'ю латвійскаму тэлеканалу LTV, апублікаваным у пятніцу, 11 верасня.
«Калі Расія не спыніць ваенных дзеянняў супраць нас, відавочна, што яна адчуе гэта на ўласнай скуры яшчэ мацней і больш востра. Нашы ўдары будуць станавіцца ўсё больш глыбокімі і магутнымі», — сказаў Буданаў.
Ён адзначыў, што Украіна гатовая да спынення баявых дзеянняў — гэта афіцыйная і публічная пазіцыя Кіева.
«Мы гатовыя да заканчэння вайны і імкнёмся да гэтага. Вядома, на нармальных, прымальных умовах, а не ў форме ультыматуму: маўляў, аддайце нам усё, ды яшчэ і застаньцеся нам вінныя. Такога не будзе», — кажа Буданаў.
Паводле яго слоў, найбольш рэалістычны сцэнар завяршэння або прыпынення вайны — замарожванне фактычнай лініі фронту ў дзень дасягнення дамоўленасці з гарантыямі бяспекі. Аднак Украіна не будзе юрыдычна прызнаваць акупаваныя тэрыторыі расійскімі — «гэтага не будзе, і ніхто гэтага рабіць не стане», — падкрэслівае Буданаў.
Раней Буданаў заяўляў, што ўдары вялікай далёкасці самі па сабе не могуць выйграць вайну: гэта сродак прымусу, які працуе толькі ў комплексе з іншымі фарматамі баявых дзеянняў.