На Палтаўшчыне знайшлі сярэбраны дэнарый Вітаўта
- 11.09.2026, 17:58
А таксама ўпрыгожанні, ідэнтычныя знаходкам з ранніх хрысціянскіх могільнікаў ВКЛ.
Падчас раскопак Глінскага археалагічнага комплексу ва Украіне даследчыкі выявілі дэнарый вялікага князя Вітаўта і жаночыя ўпрыгожанні, ідэнтычныя знаходкам з ранніх хрысціянскіх могільнікаў Кернаве і Вільні, піша выданне «Апошні бастыён».
Галоўнай знаходкай шаснаццатага сезона даследаванняў Глінскага комплексу на рацэ Ворскла стала сярэбраная манета дыяметрам 13 міліметраў. На адным баку адчаканены Калюмны (асабісты знак Вітаўта), на другім — наканечнік дзіды з крыжам.
Артэфакт папярэдне ідэнтыфікаваны як позні дэнарый Вітаўта, выпуск якога нумізматы датуюць прыкладна 1411—1430 гадамі.
Як адзначаў у сваім даследаванні нумізмат Васіль Зайцаў, чаканка падобных манет ВКЛ на ўсходніх межах мела пракламацыйную мэту: яны выкарыстоўваліся цэнтральнай уладай не толькі для гандлю, але і для дэманстрацыі свайго палітычнага ўплыву на памежных тэрыторыях.