У Докшыцкім раёне загінула 22‑гадовая мадэль з Санкт-Пецярбурга
- 16.09.2026, 8:28
Сустрэчны аўтамабіль урэзаўся ў Kia, у якой яна ехала з сябрамі.
Жыццё расіянкі Эліны Міхайлавай трагічна абарвалася 31 жніўня ля вёскі Кальнік у Докшыцкім раёне, калі сустрэчны аўтамабіль урэзаўся ў Kia, у якой яна ехала з сябрамі, паведамляе «Зеркало».
У афіцыйных зводках ДТЗ апісана каротка: каля 14:30 на 113‑м кіламетры трасы Мінск — Віцебск 51‑гадовы кіроўца Ford Galaxy выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з Kia.
У выніку лабавога сутыкнення Эліна апынулася заблакаванай у аўтамабілі разам з кіроўцам. Іх даставалі выратавальнікі.
Усіх пацярпелых у ДТЗ даставілі ў бальніцы. У кіроўцы дыягнаставалі шматлікія траўмы і пераломы. Адна пасажырка была ў цяжкім стане. У яе дыягнаставалі адкрытую чэрапна-мазгавую траўму, зламаныя рэбры, шматлікія пераломы таза і ног. Яшчэ адзін пасажыр пасля аказання дапамогі змог самастойна вярнуцца на радзіму ў Расію. Эліна ж загінула на месцы — яе ўжо пахавалі ў Санкт-Пецярбургу.
Яшчэ ў школьныя гады дзяўчына актыўна займалася мадэлінгам. У яе анкеце пазначана, што Эліна скончыла мастацкую школу, займалася ў тэатральным калектыве, вучылася сучасным танцам. Ужо ў школьныя гады Эліна Міхайлава працавала як прафесійная мадэль — удзельнічала ў паказах расійскіх і еўрапейскіх брэндаў, здымалася ў рэкламе.
Яна ўдзельнічала ў паказах сеткавых еўрапейскіх і расійскіх брэндаў. У 2017 годзе дзяўчына дэфілявала па подыуме на Дзіцячым тыдні моды ў Крыме CrimeanFashion Kids Week.
Пасля школы Міхайлава паступіла ў Расійскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт.