BE RU EN

Пошукі зніклага ў Кіргізстане беларускага альпініста спынены

  • 16.09.2026, 10:19

Мікалая Свірыдава так і не ўдалося знайсці на піку Курумды.

«15 верасня, пошукі Мікалая Свірыдава на піку Курумды завершаныя. Знайсці Мікалая нам не ўдалося. Чатыры дні на гары працавала каманда аператараў дронаў кампаніі Evernest разам з альпіністам Андрэем Ярохіным. Былі абследаваныя грэбень, схілы і кулуары згодна з заданнем, складзеным пасля другога этапу. На схіле знайшлі дзве рэчы: красоўку і палатку», — паведамляе сайт, які быў створаны для інфармавання пра пошукі зніклых у Кіргізстане беларускіх альпіністаў.

Верагодна, Мікалай пахаваны пад лавіннымі вынасамі альбо знаходзіцца ў расшчылінах ніжэй па схіле. Ні тое, ні другое з паветра не праглядаецца.

«У раёне пачаліся снегапады. Снег назапашваецца на схілах і больш не сыходзіць. Далейшае абследаванне схілаў немагчыма: усё, што мы шукалі, цяпер знаходзіцца пад снегам. Таму працы спыненыя. Група сыходзіць з гары. Аднаўляць пошукі мы не плануем. Мікалай застаецца на Курумды», — канстатуюць ягоныя калегі.

На пачатку жніўня пасля ўзыходжання на пік Курумды ў Кіргізстане знікла група з трох альпіністаў. Сярод іх — двое беларусаў: 43‑гадовы Максім Палянскі і 60‑гадовы Мікалай Свірыдаў, а таксама 37‑гадовы Сяргей Рубцоў з Літвы. Пазней падчас пошукавай аперацыі былі знойдзеныя целы Палянскага і Рубцова.

Апошнія навіны