Грамадзянін Эстоніі накінуўся на супрацоўніка берлінскага аэрапорта
- 19.09.2026, 11:57
Момант нападу трапіў на відэа.
Паводле паведамленняў нямецкіх СМІ, на пачатку верасня на супрацоўніка берлінскага аэрапорта напаў 22-гадовы грамадзянін Эстоніі, піша Delfi.
Паводле даных уладаў, інцыдэнт адбыўся вечарам 6 верасня ля выхаду на пасадку ў берлінскім аэрапорце Брандэнбург. Два пасажыры з Эстоніі спазніліся на рэйс кампаніі airBaltic, які накіроўваўся ў Талін, і іх больш не пусцілі на борт.
Пасля гэтага 22-гадовы пасажыр напаў на 48-гадовага супрацоўніка аэрапорта і нанёс яму шматлікія моцныя ўдары. У выніку нападу пацярпелы страціў прытомнасць і атрымаў цяжкія траўмы. На гэты момант яго ўжо выпісалі з бальніцы, аднак спатрэбіліся дзве аперацыі з-за дыягнаставанага пералому вачніцы. Збіццё цягнулася каля трох хвілін.
Паводле звестак нямецкага выдання Bild, галоўным нападнікам быў 22-гадовы Каспар, а ягоным спадарожнікам — 36-гадовы Роланд. З публічных крыніц пра Каспара вядома толькі тое, што ён родам з Пярну і ў юнацтве гуляў у футбол. Роланд жа тры гады таму быў прызнаны вінаватым у згвалтаванні спячай жанчыны і цяпер знаходзіцца на ўмовным тэрміне да 2028 года.
У Міністэрстве замежных спраў парталу Delfi паведамілі, што ім пра інцыдэнт не паведамлялі і Каспар па дапамогу да іх не звяртаўся. У Дэпартаменце паліцыі і памежнай аховы (PPA) Delfi заявілі, што кантактавалі з нямецкімі следчымі, але паколькі расследаванне вядзецца ў Германіі, яны не ўпаўнаважаныя даваць каментары па гэтай справе.