BE RU EN

Украінскія дроны прабілі пралом на $119 мільярдаў

  • 21.09.2026, 22:38

Чаму ўкраінскія ўдары па НПЗ у Расіі — гэта нешта значна большае, чым проста чэргі на запраўках.

Незалежны расійскі аглядальнік Вячаслаў Шыраеў патлумачыў, як Масква маніпулюе патокамі паліва, каб пазбегнуць незадаволенасці насельніцтва, і што адбываецца за кулісамі гэтага спектакля на ўзроўні дзяржаўных фінансаў.

Пасля рэкордных жнівеньскіх удараў Украіны па расійскіх НПЗ РФ не хапае ад траціны да паловы штомесячнага аб’ёму бензіну, а паліўны крызіс разганяе інфляцыю і вымушае ўрад краіны пазычаць грошы.

Такую ацэнку ўдарам па аб’ектах нафтаперапрацоўкі даў у інтэрв’ю NV расійскі незалежны эканамічны аглядальнік Вячаслаў Шыраеў.

На яго думку, калі ўдары працягнуцца, расійская эканамічная сістэма або трансфармуецца з выхадам з вайны, або выбухне знутры.

Расійскія ўлады аплачваюць паліўны крызіс з бюджэту: выплаты нафтавым кампаніям у межах механізму зваротнага акцызу і паліўнага дэмпфера павялічваюць выдаткі. Шыраеў называе гэты крызіс другім пасля вайны фактарам, які цісне на дзяржаўны доўг: замест 5 трлн рублёў ($60 млрд) у год урад цяпер пазычае каля 10 трлн ($119 млрд), а даходнасць аблігацый расце да 15−16% гадавых.

Масква засакрэціла даныя аб вытворчасці нафтапрадуктаў. Паводле ацэнкі Міжнароднага энергетычнага агенцтва, Расія перапрацоўвае каля 4 млн барэляў нафты ў суткі, тады як Шыраеў, які вядзе разлікі на падставе даных пра пашкоджаныя ўстаноўкі, мяркуе, што гэты паказнік складае 2 млн — прыкладна ў 2,5 раза менш, чым у сакавіку-красавіку.

Найбольш востра Расія адчувае недахоп бензіну: нетаварны бензін (напрыклад, прамогонны або лігроін, змешаны з прысадкамі) і імпарт — у прыватнасці, з Беларусі і Туркменістана — пакрываюць толькі частку дэфіцыту. «Не стае кожнага трэцяга або кожнага другога літра. Мы бачым гэта па росце цэн, па чэргах на запраўках і па колькасці машын, якія нікуды не ездзяць, а стаяць на паркоўках», — патлумачыў NV Шыраеў.

Паводле слоў Шыраева, улады перакідваюць запасы паміж рэгіёнамі, каб схаваць агульную карціну дэфіцыту. Напрыклад, КІНЕФ у Кірышах — другі па праектнай магутнасці НПЗ Расіі, які пастаўляў паліва ў Пецярбург, — спыніў перапрацоўку пасля ўдару ў канцы жніўня; 11 верасня, паводле даных расійскага сэрвісу «ГдеБенз», бензін без чэргаў прадавалі менш як у 40% пецярбургскіх заправаў супраць прыкладна 90% у жніўні. «На момант нашай размовы ў Піцеры бензін з’явіўся. Гэта азначае, што яго не стане недзе ў Екацярынбургу», — тлумачыць эканаміст.

Паводле ацэнкі Шыраева, паліва ў РФ падаражэла ў сярэднім прынамсі ўдвая: калі бензін востра неабходны, расіяне купляюць яго ў перакупшчыкаў па 200−300 рублёў ($2,4−3,6) за літр. Услед за палівам растуць цэны на паслугі таксі, перавозкі і прадукты, кошт якіх залежыць ад дастаўкі. Паводле эканаміста, Цэнтрабанк РФ планаваў «намаляваць» гадавую інфляцыю на ўзроўні 6−7%, а цяпер сам прызнае месячны ўсплёск, што перавышае 11% у гадавым вылічэнні.

Зімой, паводле слоў Шыраева, абвастрыцца сітуацыя з дызельным палівам: зімовы і арктычны дызель (разлічаны на маразы да мінус 40 градусаў) залежаць ад тых жа керасінавых фракцый, што і авіякеросін, а з імі праблемы ўзнікаюць ужо цяпер. У лістападзе ўладам давядзецца вырашаць, як выкарыстоўваць астатнія магутнасці: запраўляць самалёты авіякеросінам ці вырабляць зімовы дызель, неабходны для працы фур, цеплавозаў і суднаў. Гэты выбар стане асабліва вострым, калі ў верасні і кастрычніку расійскія НПЗ будуць выходзіць з ладу пад уздзеяннем украінскіх дронаў з той жа інтэнсіўнасцю, што і ў жніўні.

Апошнія навіны