У Беларусі закрываецца папулярная сетка крамаў тавараў для дому
- 22.09.2026, 9:55
Большасць крамаў ужо спынілі працу.
У Беларусі сыходзіць з рынку вядомая сетка крамаў тавараў для дому. Ідзе гаворка пра рытэйлера VDOM, большасць крам якога ўжо спынілі працу.
Кампанія таксама спыніла анлайн-продажы. Інтэрнэт-крама больш не прымае заказы, звярнуў увагу Office Life.
Скарачаць рознічную сетку VDOM пачаў яшчэ ў канцы мая. Тады кампанія абвясціла распродаж са зніжкамі да 70%, пасля чаго крамы пачалі паступова зачыняцца.
Асноўная хваля прыпала на жнівень. За месяц спынілі працу кропкі ў Гродне, Маладзечне, Жодзіне і Гомелі, а таксама тры крамы ў Мінску.
Працэс працягнуўся і ў верасні. VDOM закрыў крамы ў Гомелі, Бабруйску, Рэчыцы і Віцебску.
Пасля гэтага рытэйлер абвясціў фінальны распродаж, павялічыўшы зніжкі да 70–90%.
Цяпер у сеткі засталіся толькі дзве працуючыя кропкі. Абедзве знаходзяцца ў Мінску: у ГЦ «Спектр» і ГРЦ «Тывалі». Аднак апошняя зачыніцца ўжо 23 верасня.
Пра прычыны сыходу з рынку ў кампаніі пакуль не паведамілі. Ніякіх тлумачэнняў з гэтай нагоды няма ні на сайце VDOM, ні ў ягоных сацыяльных сетках.