BE RU EN

Reuters: Літва ўзмоцніць абарону ключавой падстанцыі ля мяжы з Расіяй

  • 22.09.2026, 11:09

Аб’ект з’явіцца за 30 кіламетраў ад Калінінградскай вобласці.

Літва плануе ўзмацніць абарону новай электрычнай падстанцыі «Гізай», якая стане важным элементам энергетычнай сувязі краін Балтыі з Польшчай і астатняй часткай ЕС, піша Reuters (пераклад — сайт Charter97.org).

Кіраўнік літоўскага аператара электрасетак «Litgrid» Андрюс Семескевичюс заявіў, што аб’ект абсталююць агароджай, здольнай вытрымаць удар грузавіка з выбухоўкай, сістэмамі выяўлення падземных тунэляў і жалезабетоннымі канструкцыямі для абароны трансфарматараў ад атак дронаў.

«Мы праектуем «Гізай» з улікам новай рэальнасці. Мы абаронім станцыю ад дронаў тыпу «Шахед», якія могуць здзейсніць аварыйную пасадку са 100 кілаграмамі выбухоўкі», — сказаў Семескевичюс.

Падстанцыя будзе займаць каля 35 гектараў. Паводле кіраўніка «Litgrid», гэта дазволіць знізіць наступствы магчымога ўдару па аб’екце, паколькі нават адзін дрон пашкодзіць толькі частку абсталявання.

«Гізай» плануюць пабудаваць прыблізна за 30 км на захад ад Калінінградскай вобласці Расіі. Гэта будзе першы новы аб’ект падобнага маштабу ў рэгіёне пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе.

Літоўскія вайскоўцы кансультуюць «Litgrid» па пытаннях абароны крытычнай энергетычнай інфраструктуры і супрацьдзеяння сучасным пагрозам.

Апошнія навіны