FT: Навошта Кітай скупляе золата рэкорднымі тэмпамі?
- 22.09.2026, 13:02
Краіна імпартавала больш за 1000 тон за восем месяцаў.
Кітай у гэтым годзе рэзка нарастіў закупкі золата. За першыя восем месяцаў краіна імпартавала больш за 1000 тон каштоўнага металу, выдаткаваўшы на яго рэкордныя $158,8 млрд. Пра гэта піша Financial Times.
Для параўнання, за ўвесь 2025 год Кітай імпартаваў 886 тон золата на суму $96,5 млрд.
Галоўная прычына такога попыту — імкненне дзяржавы і прыватных інвестараў абараніць свае зберажэнні на фоне геапалітычнай нестабільнасці і нізкай даходнасці іншых актываў.
Кітайскія ўкладанні ў амерыканскія казначэйскія аблігацыі ў ліпені скараціліся да $618 млрд, мінімальнага ўзроўню з жніўня 2008 года. Адначасова ўнутры краіны скараціліся прывабныя варыянты для інвеставання. Крызіс на рынку нерухомасці цягнецца з 2021 года, а індэкс CSI 300 з пачатку года страціў 1,8% і знаходзіцца больш чым на пятую частку ніжэй за пікавыя значэнні пачатку 2021 года. Даходнасць кітайскіх дзяржаўных аблігацый таксама наблізілася да гістарычных мінімумаў.
«І цэнтральны банк, і прыватныя інвестары дыверсіфікуюць свае рэзервы і зберажэнні на карысць актыву, які не нясе рызыкі кантрагента», — заявіла ўпраўляючы дырэктар Gold Mountains Asset Management Ліза Лю.
Кітайскі попыт на золата адлюстроўвае не кароткатэрміновую стаўку, а больш маштабную перабудову структуры актываў. «Гэта шматгадовая перабудова структуры актываў дамашніх гаспадарак і дзяржавы», — сказала Лю.
Пры гэтым рэальныя аб’ёмы пакупак Народнага банка Кітая могуць быць вышэй за афіцыйныя даныя. Goldman Sachs ацэньвае закупкі цэнтрабанка ў ліпені ў 35 тон супраць заяўленых 20 тон.
Кітай сам з’яўляецца найбуйнейшым вытворцам золата ў свеце, аднак унутраных аб’ёмаў здабычы відавочна недастаткова для цяперашняга попыту. У мінулым годзе краіна здабыла 384 тоны золата.