BE RU EN

Reuters: Пацвердзіліся найгоршыя апасенні Расіі адносна нафты

  • 23.09.2026, 5:15

Імпарт расійскай нафты ў Індыю ў жніўні скараціўся на 17%.

Паводле дадзеных Kpler, у верасні падзенне можа працягнуцца — да 1,9 млн барэляў за суткі, піша Reuters.

Усяму віной так званыя «пякельныя санкцыі» ЗША для пакупнікоў расійскай нафты.

Нью-Дэлі, які вядзе перамовы з Вашынгтонам аб гандлёвым пагадненні, заявіў, што па-ранейшаму «цвёрда прыхільны» да забеспячэння энергетычнай бяспекі свайго насельніцтва і будзе працягваць закупляць энерганосьбіты ў розных пастаўшчыкоў у залежнасці ад рынкавай кан'юнктуры.

Такім чынам, Індыя ўсё яшчэ застаецца найбуйнейшым пакупніком нафты з РФ, але ўжо пачынае асцярожнічаць праз пагрозы. Індыйскія НПЗ выходзяць на спотавыя рынкі і шукаюць партыі нафты на кастрычнік і лістапад, баючыся, што закупкі ў Расіі давядзецца скарачаць.

Галоўная рызыка для індыйскіх кампаній — новы амерыканскі санкцыйны механізм. Дональд Трамп можа ўвесці мыты да 100% супраць краін, якія працягваюць купляць расійскую нафту. Пад удар патэнцыйна трапляюць найбуйнейшыя пакупнікі расійскіх энергарэсурсаў, уключаючы Індыю і Кітай.

Пакуль Расія захоўвае першае месца сярод пастаўшчыкоў нафты ў Індыю. Следам ідуць ААЭ і Венесуэла. Але зніжэнне паставак ужо паказвае: нават без канчатковага рашэння ЗША адносна мытаў індыйскія НПЗ закладваюць санкцыйныя рызыкі ў свае планы.

Для Расіі гэта небяспечная тэндэнцыя, адзначаюць аналітыкі. Індыйскі рынак стаў адным з ключавых выратавальных каналаў для расійскай нафты пасля заходніх санкцый і адмовы Еўропы ад значнай часткі паставак. Калі Індыя пачне сістэмна зніжаць закупкі, Маскве давядзецца прапаноўваць яшчэ большыя зніжкі, шукаць больш складаныя схемы дастаўкі і канкурыраваць за пакупнікоў на менш выгадных умовах.

Апошнія навіны