BE RU EN

У расійскай арміі беларускага найміта павесілі на дрэве ўніз галавой

  • 23.09.2026, 9:31

Камандзір абяцаў зрабіць з яго «пюрэ».

Брытанская газета The Sun апублікавала гісторыі пра тое, як расійскія камандзіры катуюць уласных салдат. Мяркуецца, адна з ахвяр — беларус.

На гэтай запісі баец вісіць на дрэве ўніз галавой: яго прывязалі за ногі вяроўкай да галіны. Камандзір раз за разам б'е яго палкай, а той спрабуе прыкрыць рукамі геніталіі.

«Я зраблю з цябе пюрэ. Зразумеў?» — крычыць афіцэр.

Мяркуецца, што ахвяра з Беларусі, бо, як тлумачаць брытанцы, «да яго звяртаюцца словам «бульбаш» — абразлівая мянушка для беларусаў».

Іншых звестак пра гэтага чалавека — імя, нумар часці, месца здымкі — у публікацыях няма.

За што менавіта яго пакаралі, невядома. Паводле паведамленняў, ён мог адмовіцца ісці ў бой — а за такое ў расійскай арміі забіваюць.

Гэта не адзіны запіс. На другім відэа камандзір расійскага падраздзялення нагамі б'е салдата, які скурчыўся на зямлі. На трэцім — байца прывязваюць да дрэва і б'юць палкай па голай спіне. Тут ахвяра з Башкартастана, да яго таксама звяртаюцца абразліва: «Ты, башкір». Яго правіна ў тым, што ён не скінуўся разам з астатнімі на куплю дронаў.

«Дык ты вырашыў зэканоміць, не ўкладаючы грошай, бл***ь! Твае сябры апошнія капейкі збіраюць на дроны, бл***ь… Яны ўкладаюць, бл***ь!» — крычыць кат. Пабіты салдат у агоніі адказвае: «Я ўкладу, я ўкладу!»

Апошнія навіны