Талібы падвялі Крэмль у важным для РФ пытанні
- 23.09.2026, 14:38
Масква не змагла дамовіцца з Афганістанам аб прыцягненні працоўнай сілы.
Перамовы Масквы і Кабула аб прыцягненні ў Расію працоўных мігрантаў з Афганістана зайшлі ў тупік, паведаміў спецпрадстаўнік прэзідэнта РФ Замір Кабулаў.
«Кансультацыі былі, але гэта вельмі складанае пытанне. Пакуль ніякіх зрухаў няма і, шчыра кажучы, я іх не бачу», — сказаў Кабулаў «Известиям». Ён дадаў, што гэтае пытанне ў большай ступені адносіцца да кампетэнцыі міграцыйных уладаў і праваахоўных органаў і ў меншай — Міністэрства замежных спраў, якое апошнім часам ім займалася.
Пасол Афганістана Хассан Гуль Хассан таксама не стаў называць тэрміны прыезду афганскіх работнікаў у Расію. «Мы пастараемся, каб гэтая магчымасць хутчэй з’явілася. Зараз ідзе працэс», — сказаў Хассан, не ўдакладніўшы падрабязнасцяў. Пра перамовы наконт афганскіх мігрантаў Кабулаў паведаміў у сакавіку. У маі міністр гандлю Афганістана Нуріддін Азізі казаў, што ў такім супрацоўніцтве зацікаўленыя як Масква, так і Кабул. Тады ён удакладняў, што адзінай перашкодай для накіравання мігрантаў застаецца моўны бар’ер, але сумесная камісія ўжо працуе над яго пераадоленнем.
Магчымасць прыцягнення афганскіх працоўных абмяркоўваецца на фоне ўзмацнення кадравага голаду ў Расіі. Паводле ацэнак ВШЭ, эканоміцы не хапае 2,6 млн работнікаў. Да 2030 года дэфіцыт можа перавысіць 3,1 млн, прагназаваў Мінпрацы. Дагэтуль афіцыйна не паведамлялася, колькі мігрантаў з Афганістана могуць прыехаць у краіну. У 2025 годзе ў Маскве, Санкт-Пецярбургу і Татарстане працавалі каля 100 афганцаў у якасці маляроў, зваршчыкаў і электрыкаў.
Тады ж кіраўнік Расійскага дзелавога цэнтра ў Афганістане Рустам Хабібулін казаў пра дамоўленасць накіраваць у Расію яшчэ каля 1 тыс. работнікаў. Іх планавалі задзейнічаць у сельскай гаспадарцы і аднаўленні інфраструктуры ў Чачні, Дагестане, Краснадарскім краі, а таксама ў акупаваных частках Данецкай і Луганскай абласцей Украіны.
Летась Расія выключыла кіруючы ў Афганістане «Талібан» са спісу тэрарыстычных арганізацый, а затым стала першай і адзінай краінай, якая афіцыйна прызнала ісламскі эмірат. Пасля гэтага Масква заявіла пра «значныя перспектывы» ўзаемадзеяння «з акцэнтам на праекты ў сферах энергетыкі, транспарту, сельскай гаспадаркі і інфраструктуры».