Легенда зборнай Англіі расказаў, як адмовіўся сустракацца з Пуціным
- 23.09.2026, 19:12
Гары Лінекер патлумачыў, чаму вырашыў «трымацца падалей» ад дыктатара РФ.
Былы футбаліст зборнай Англіі Гары Лінекер расказаў у падкасце The Rest is Football, як падчас жараб'ёўкі чэмпіянату свету 2018 года адмовіўся сустрэцца з дыктатарам Расіі Уладзімірам Пуціным.
Лінекер, адзін з найлепшых бамбардзіраў у гісторыі зборнай Англіі, у снежні 2017 года быў адным з вядучых жараб'ёўкі фінальнай часткі ЧС-2018, якая прайшла ў Крамлі. У цырымоніі ўдзельнічалі легендарныя футбалісты Пеле, Дыега Марадона, Раналду і Ранальдыньё, якія сустрэліся з Пуціным.
«Я прыняў рашэнне не мець ніякіх справаў з ФІФА даволі даўно — і зрабіў гэта наўмысна, улічваючы маю працу ў СМІ. Думаю, лепш, калі на цябе ніхто не ўплывае. Я свядома трымаюся ўбаку; мабыць, гэта пачалося яшчэ на пачатку гэтага дзесяцігоддзя. Гэта быў прадуманы крок», — цытуе Лінекера The Telegraph.
Паводле слоў Лінекера, яму хацелі арганізаваць сустрэчу з Пуціным. «Я падумаў: «Не хачу гэтага рабіць». І проста сказаў ім: «Прабачце, у мяне процьма спраў са сцэнарыем, я спрабую ўсё падрыхтаваць». У той сітуацыі я адчуваў сябе не надта камфортна. І вырашыў, што надалей, мабыць, лепш трымацца ад іх падалей», — дадаў ён.
З 1999 па 2025 год Лінекер вёў на Бі-бі-сі праграму Match of the Day і быў самым высокааплатным вядучым тэлеканала.