BE RU EN

Відэа з дарогі Полацк — Міёры заставіла беларусаў задумацца

  • 24.09.2026, 9:52

Дастаткова з’ехаць з трасы, каб трапіць у «паралельны свет».

Па дарозе з Полацка ў Міёры супрацоўніца клінінгавай фірмы заўважыла дзясяткі закінутых дамоў. У каментарыях беларусы расказалі падобныя гісторыі, піша bgmedia.

«Столькі пустых… столькі закінутых кватэр»

Супрацоўніца клінінгавай фірмы расказала ў TikTok, што падчас паездак з пасылкамі рэгулярна бачыць па дарозе Полацк — Міёры закінутыя дамы і кватэры.

«Хтосьці ж раней жыў там, хтосьці ж жыў, вёў свой побыт у гэтай кватэры, доме… А цяпер гэта нікому не трэба, стаіць, гніе», — кажа дзяўчына.

Асабліва яе ўразілі дамы, якія стаяць далёка ад населеных пунктаў. Па яе словах, часам пасярод поля або ў лесе можна ўбачыць некалькі дамоў, з якіх жылым застаецца толькі адзін.

«Вось як там чалавек жыве? Непанятна. Можа, туды аўталаўка ездзіць, ці хтосьці штосьці прывозіць», — разважае аўтарка відэа.

Пахмурнае надвор’е, пустыя вуліцы і зараслыя ўчасткі, прызнаецца яна, толькі ўзмацняюць гэтае адчуванне.

«Едзеш і… сумна. Сумна і сумна», — кажа жанчына.

«Сум там ужо гадоў 10»

У каментарыях карыстальнікі пішуць, што праблема знаёмая не толькі жыхарам Міёрскага раёна. Адна з беларусак расказала, што сама родам з Міёр.

«Калі няма працы… то людзі едуць туды, дзе ёсць праца і грошы. Закрываюцца школы і дзіцячыя сады… адпаведна моладзь з’язджае… Сама я з Міёр і такі сум там ужо гадоў 10… аўталаўкі, дай Божа, даедуць».

Іншы карыстальнік падзяліўся процілеглым прыкладам. Сям’я вырашыла не пакідаць дом пуставаць і перадала яго новым гаспадарам.

«Мы свой дом, каб не разбураўся, падарылі. Добра, што ён знаходзіцца побач з горадам, таму жадаючыя хутка знайшліся. І вельмі рады, што новы гаспадар усё адбудоўвае, дом не будзе разбурацца».

А нехта ўбачыў у сітуацыі магчымасць набыць нерухомасць нядорага.

«Калі вам які-небудзь прыглянуўся, можаце зайсці на рэестр пустуючых дамоў і паглядзець, магчыма, яго прадаюць за базавую».

«Убок з’едзь — як у іншы свет трапляеш»

Шмат хто адзначыў, што падобная карціна назіраецца і ў іншых раёнах Беларусі.

«Ды паўсюль так. Толькі з трасы з’едзь убок — як у іншы свет трапляеш: усё разбурана, людзей няма».

«Вы з’ездзіце ў бок Трудаў, там наогул сум».

«Па Браслаўскім раёне вы яшчэ не праехалі. Такая ж сумная печаль…»

«І ў маім родным Шаркаўшчынскім такая ж сітуацыя. Навокал пустуючыя дамы».

Праўда, знайшліся і тыя, хто не пагадзіўся са змрочным уражаннем ад відэа: «Міёры — выдатны горад. Пустуючыя дамы ёсць, у любым населеным пункце ёсць такія дамы. Дык што, дама, не наводзьце мітусню».

Колькі пустуючых дамоў у Беларусі

Праблема пустуючага жылля сапраўды прыкметная па афіцыйным рэестры. Па стане на 22 верасня 2026 года ў Рэестры пустуючых дамоў значыцца 27 410 дамоў па Беларусі. З іх 406 аб’ектаў выстаўленыя на продаж за адну базавую велічыню.

У Міёрскім раёне цяпер значыцца 110 пустуючых дамоў.

Калі параўнаць даступныя даныя за апошнія гады, рост выглядае прыкметным. У студзені 2023 года ў рэестры было каля 1 200 пустуючых дамоў. Да снежня 2024-га іх колькасць вырасла да 22 649, або ў 19 разоў!

А да 22 верасня 2026 года паказчык дасягнуў 27 410.

То бок за перыяд з студзеня 2023 года колькасць аб’ектаў у рэестры павялічылася больш як у 22 разы. Пры гэтым параўнанне варта ўспрымаць з агаворкай: рэестр фармуецца і абнаўляецца, таму змена колькасці запісаў можа адлюстроўваць не толькі з’яўленне новых пустуючых дамоў, але і выяўленне або ўнясенне раней не ўлічаных аб’ектаў.

За лічбамі стаяць цалкам рэальныя гісторыі. Калі з вёскі з’язджаюць людзі, закрываецца школа або крама, дом, які яшчэ нядаўна быў часткай звычайнага сямейнага жыцця, паступова пустее. А праз некалькі гадоў ад яго могуць застацца толькі зараслы ўчастак і ўспаміны тых, хто калісьці там жыў.

Апошнія навіны