У Гомельшчыне знайшлі новую стаянку старажытных людзей
- 25.09.2026, 12:22
Высветлілася, што чалавек з’явіўся ў гэтых мясцінах раней, чым лічылася.
У Гомельскай вобласці выявілі новую стаянку першабытных людзей. Яе адкрылі археолагі Інстытута гісторыі НАН падчас разведкі помнікаў каменнага веку.
Стаянка знаходзіцца на паўночна-ўсходняй ускраіне Жлобіна. Навукоўцы лічаць яе найстаражытнейшай з усіх, што дагэтуль знаходзілі на тэрыторыі горада, піша «Новы дзень».
Якога ўзросту стаянка
Да гэтага часу найстаражытнейшай у горадзе лічылася стаянка «Жлобін 4». Яе адносілі да мезаліту і датавалі перыядам 10–8 тыс. гадоў да нашай эры.
Новая знаходка паказала, што першыя людзі дабраліся да тэрыторыі сучаснага Жлобіна яшчэ раней — у фінальным палеаліце, не пазней за 11–10 тыс. гадоў таму.
«Гэта былі качавыя плямёны паляўнічых на паўночнага аленя свідэрскай археалагічнай культуры», — расказаў кіраўнік экспедыцыі Алег Вароненка.
Як жылі старажытныя людзі
Паводле слоў Алега Вароненкі, першыя жыхары гэтых мясцін пасяляліся невялікімі групамі па 10–25 чалавек. Сочачы за качуючымі статкамі паўночных аленяў, яны ладзілі часовыя стаянкі па берагах рэк і азёр.
- Следам за аленямі за сезон тагачасныя паляўнічыя («свідэрцы») маглі праходзіць да 800 км, – расказаў археолаг.
Іхнія жытлы былі круглявай формы, нагадвалі сучасныя чумы і былі заглыбленыя ў зямлю. У цэнтры знаходзілася агнішча.
Працоўныя прылады выраблялі проста на стаянцы з мясцовага крэменю, які залягаў па берагах Дняпра. З яго рабілі наканечнікі стрэлаў, скрабкі, разцы і іншыя інструменты.
Тут жа паляўнічыя апрацоўвалі здабычу — мяса і скуры, а таксама працавалі з дрэвам і рагамі.
Што яшчэ знайшлі археолагі
Першыя раскопкі на стаянцы прынеслі цэлую калекцыю артэфактаў. Яны паказалі, што людзі засялялі гэтае месца ў розныя гістарычныя перыяды.
Найстаражытнейшыя знаходкі адносяцца да перыяду 11–10 тыс. гадоў таму. Да гэтага адрэзку часу навукоўцы аднеслі знойдзеныя ўдарныя пласціны з крэменю.
Наступны этап засялення адносіцца да мезаліту — 10–8 тыс. гадоў таму. Археолагі выявілі элементы паляўнічага ўзбраення, нуклеус, пласціны і іншыя вырабы з крэменю. У гэты час паляўнічых на паўночнага аленя тут змянілі першыя паляўнічыя лясной зоны.
Ёсць сведчанні і значна больш позняга прысутніцтва чалавека. Ад жалезнага веку, напрыклад, захаваўся фрагмент ляпнога посуду.
А самыя познія знаходкі адносяцца ўжо да IX–XII/XIII стагоддзяў. Гэта фрагменты ганчарнай керамікі.