Што па чым на мінскай Камароўцы ў канцы верасня
- 26.09.2026, 19:30
На знакамітым рынку ўжо з'явілася хурма.
Верасень яшчэ не скончыўся, а на Камароўскім рынку ў Мінску ўжо з'явіўся прадукт з выразным водарам Новага года — хурма.
Цяпер кілаграм каштуе каля 18 рублёў. Нядешава, затое ў пахмурны вераснёўскі дзень можна крыху наблізіць зімовы настрой, піша Smartpress.
З прыкметных зменаў на прылаўках — стала больш грыбоў. Да белых, якія прадаюць прыкладна па 100 рублёў за кілаграм, і лісачак па 12–14 рублёў дадаліся зялёнкі, падзялёнкі і іншыя восеньскія лясныя грыбы. За невялікае вёдрышка просяць прыкладна 10–20 рублёў — у залежнасці ад памеру.
Ягадны асартымент таксама паступова становіцца восеньскім. Цяпер на Камароўцы можна знайсці журавіны па 9–10 рублёў за кілаграм, брусніцы па 7–9, маліну — прыкладна па 13–15, буякі — па 17–20, абляпіху — каля 12 рублёў. Сліва каштуе 4–5 рублёў за кілаграм.
Пры гэтым лета пакуль канчаткова не здалося. Яшчэ сустракаецца клубніца — па 4–8 рублёў за кілаграм. Вінаграду становіцца больш: цэны пачынаюцца ад 3,5 рубля і даходзяць да 15 рублёў. Цэны на гранаты — 5–25 рублёў.
Атрымліваецца амаль гадавы каляндар на адным рынку: хочаш навагодняга настрою — купляй хурму і мандарыны, сумуеш па леце — яшчэ паспееш узяць клубніцу і буякі. А калі хочацца адчуць восень — самы час ісці па грыбы і ягады.