Шведскі фатограф зафіксаваў Мінск такім, якім яго яшчэ не ведалі
- 27.09.2026, 15:19
Унікальныя здымкі былі зробленыя паўвека таму.
Сайт citydog.io апублікаваў серыю здымкаў шведскага фатографа. Яны даўнавата ходзяць па інтэрнэце, але ў гэтым і сіла мастацтва: такія фота ніколі не страцяць актуальнасці.
Хто і калі зрабіў гэтыя здымкі?
Класік шведскай фатаграфіі Георг Одднер (1923–2007). У свой час ён быў джазавым музыкантам, а потым лёс занёс яго ў Нью-Ёрк у рэкламнае агенцтва – так ён стаў асістэнтам легендарнага Рычарда Аведона.
«[У 1940-я] я іграў у адной з найлепшых джазавых груп Швецыі. Па родзе заняткаў я сустракаўся з многімі цікавымі людзьмі і аднойчы пазнаёміўся з дырэктарам аднаго з рэкламных бюро. Ён прапанаваў мне паехаць разам з ім у Нью-Ёрк. І мы паехалі.
Я адшукаў Рычарда Аведона, пастукаў у дзверы і, нягледзячы на тое, што мой англійскі пакідаў жадаць лепшага, ён прыняў мяне на пасаду свайго памочніка. Ён быў вельмі добры, шчодры да мяне. Ён знаёміў мяне з рознымі вядомымі людзьмі. Так я пачаў сваю працу з камерай.
Пэўны час я быў асістэнтам у Аведона, але потым вырашыў, што хачу вярнуцца ў Еўропу».
Швед па бацьку і рускі па маці, упершыню ён пабываў у Беларусі ў 1955 годзе, падарожнічаючы з групай турыстаў па СССР. У яго маршруце, акрамя сталіцы БССР, былі гарады Ашгабат, Алма-Ата, Брацк, Бухара, Валгаград, Данецк, Іркуцк, Кіеў, Масква, Новасібірск, Адэса, Растоў-на-Доне, Самарканд, Сочы, Талін, Ташкент, Тбілісі, Хабараўск, Ялта.
Другі раз ён быў у БССР у 1967 годзе – фатограф прабыў тут цэлых тры месяцы: менавіта тады зрабіў серыю фатаграфій Мінска.
Апошні раз Одднер прыехаў у Мінск у 2005 годзе, за два гады да смерці, на прэм'еру дакументальнага фільма пра сябе.
Мінск і мінчукі – паўвека таму
Одднер фатаграфаваў звычайных мінчукоў на цэнтральных вуліцах, заводы, а яшчэ дзяцей – у звычайных садках і ў дзіцячых дамах.