Швейцарцы адхілілі прарасійскую ініцыятыву на рэферэндуме
- 27.09.2026, 16:57
Яна магла абмежаваць санкцыі супраць РФ і супрацоўніцтва з НАТА.
Відавочная большасць швейцарскіх выбаршчыкаў выказалася на рэферэндуме супраць прапановы замацаваць у Канстытуцыі такое разуменне нейтралітэту краіны, якое выключала б санкцыі супраць Расіі і супрацоўніцтва з НАТА.
На гэта паказваюць даныя экзітполаў і статыстычныя мадэлі, пабудаваныя на падставе першых вынікаў падліку галасоў, піша BBC.
Згодна з апошнімі прагнозамі па выніках рэферэндуму, апублікаванымі дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй SRF, больш за дзве траціны прагаласавалі супраць прапановы аб замацаванні вузкага вызначэння нейтралітэту ў Канстытуцыі Швейцарыі. Мадэль інстытута gsf.bern праз 30 хвілін пасля заканчэння галасавання паказвала, што супраць прапановы выказаўся 71% выбаршчыкаў.
Правапапулістычная Швейцарская народная партыя прапаноўвала ўсталяваць, што Швейцарыя можа далучацца толькі да міжнародных санкцый, уведзеных Саветам Бяспекі ААН. На яе думку, традыцыйны нейтралітэт Швейцарыі быў падарваны пасля таго, як Берн увёў санкцыі супраць Расіі з пачаткам вайны ва Украіне.
Прапанаваныя Швейцарскай народнай партыяй папраўкі таксама прадугледжвалі адмову ад цеснага супрацоўніцтва з якімі-небудзь ваеннымі саюзамі — калі краіна не сутыкаецца з непасрэднай пагрозай нападу.
Апаненты Швейцарскай народнай партыі прадстаўлялі яе ініцыятыву як прарасійскую.
Швейцарыя ў асноўным далучылася да санкцый Еўрапейскага саюза супраць Расіі, якія былі ўведзены пасля лютага 2022 года. Краіна не ўваходзіць у НАТА, але падтрымлівае з альянсам даволі цесныя адносіны і бярэ ўдзел у некаторых яго праграмах.
Швейцарыя абвясціла сябе нейтральнай краінай у 1815 годзе, а ў 1848 замацавала такі статус у сваёй Канстытуцыі. Аднак тэкст Канстытуцыі пакідае значную прастору для трактоўкі.
У 2022 годзе Швейцарыя палічыла расійскае ўварванне ва Украіну парушэннем міжнароднага права і далучылася да санкцый ЕС супраць Масквы.