Санаторый пад Мінскам пайшоў з аўкцыёну па цане кватэры
- 27.09.2026, 17:36
Інвестар атрымаў некалькі будынкаў і ўчастак побач з лесам.
У вёсцы Новае Поле пад Мінскам прадалі недабудаваны санаторый. Пакупніка доўга не маглі знайсці, таму давялося зрабіць вялікую зніжку, заўважыў Office Life.
На пляцоўцы «БУТБ-Имущество» лот быў ужо даўно, але інвестар з’явіўся толькі цяпер. Ён адзін зарэгістраваўся для таргоў і зрабіў стаўку.
У выніку пакупнік атрымаў некалькі будынкаў, якія пачалі будаваць яшчэ ў 1990-я.
З апісання лота вынікае, што галоўны корпус плошчай 6,7 тыс. м² гатовы на 51%, мае жалезабетонны каркас і абліцаваны керамічнай пліткай. Там павінны былі размясціцца басейн, зона для SPA і медыцынскія кабінеты.
Другая пабудова на 2,1 тыс. м² — гэта жылы комплекс са ступенню гатоўнасці 69%. Фундамент — фундаментныя блокі, сцены і перагародкі — з цэглы, перакрыцці — жалезабетонныя пліты, дах — рулонныя матэрыялы.
Акрамя будынкаў, пакупнік на 30 гадоў атрымаў у арэнду зямельны ўчастак плошчай больш за 4 га недалёка ад лесу.
Паводле ўмоў продажу, тэрыторыю дазволена выкарыстоўваць для размяшчэння аб’ектаў санаторна-курортнага лячэння, аздараўлення, спорту, турызму або адпачынку.
Пакупнік павінен на працягу месяца звярнуцца па дазвол на праектна-вышукальныя работы з даты падпісання акта прыёму-перадачы аб’екта. А на працягу паўгода трэба пачаць распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі.
За ўсё гэтае задавальненне невядомы інвестар заплаціў 214 тысяч рублёў. Стартавая цана была меншай, але да яе дадалася абавязковая надбаўка 5%.