У Бараўлянах з кранаў пацякла «чорная» вада
- 27.09.2026, 17:53
Праблемы пачаліся пасля кароткага адключэння электрычнасці.
У ноч на 26 верасня ў Бараўлянскім сельсавеце знікла святло. Пасля гэтага мясцовыя жыхары пачалі масава скардзіцца на ваду. З кранаў пацякло нешта незразумелае: вада па колеры была падобная да чорнай гарбаты, ды яшчэ і з прымешкай пяску.
Аказалася, адключэнне электрычнасці, якое цягнулася ўсяго 23 хвіліны і закранула ўсе 5 свідравін і 3 насосныя станцыі Водаканала Мінскага раёна, пацягнула за сабой сур'ёзныя праблемы, якія дагэтуль не ўдаецца вырашыць, піша «Мінская праўда».
Электрычнасць адключалася ў Бараўлянах, Лескаўцы і Валяр'янаве. Раніцай жыхары Бараўлянаў не змаглі пачысціць зубы і закіпяціць ваду на гарбату. Бо вада аказалася жудаснай якасці.
Цяпер спецыялісты праліваюць сістэму. Уначы былі адкрыты пажарныя гідранты для праліўкі сістэмы, каб папярэдзіць магчымы змыў адкладаў пасля перазапуску насоснай станцыі. Сітуацыя на насоснай станцыі на Васільковай была ў норме ўжо да 3-й гадзіны ночы. Аднак цяпер вядуцца работы па прамыванні сетак высокага ціску ад станцыі да жылых дамоў, і сітуацыя паступова выпраўляецца.
У доме №31 кропка пакуль не дала стоперацэнтнага выніку. Гэта ветка, якая ідзе на вуліцу Васільковую.
«Две брыгады працуюць па кропках з 00:17. Усе кіраўнікі на працы, нягледзячы на выхадныя, — кажа дырэктар ДП «Водаканал Мінскага раёна» Дзмітрый Дрозд. — На дадзены момант дзве аварыйныя брыгады ажыццяўляюць праліў вадаводоў да поўнага праяснення. У рэзервуарах на НС-2 вада ў норме, запас каля 500 кубаў, папаўненне перавышае адбор. Таму пагрозы пакінуць усіх без вады няма. Пасля праяснення вады ў цэнтральных сетках будзем кропкава працаваць па дамах. Трымаем сувязь са старшынямі ТС і ПЖСК».
Для жыхароў Бараўлянаў на вуліцу вывелі цыстэрну з пітной вадой. З 9-й раніцы аўтацыстэрна курсіруе па праблемных участках. Раніцай яна стаяла на вуліцы 40 гадоў Перамогі, цяпер — на Васільковай.
Жыхары могуць пакідаць заяўкі на ваду. Дадаткова камунальнікі падрыхтавалі 5 пунктаў раздачы вады — каля дамоў паставяць кубы, кожны на тону.