Пад Мінскам мядзведзь пачаў выходзіць да дамоў
- 27.09.2026, 18:48
Напалоханыя жыхары вёскі звярнуліся ў МНС.
У жыхароў вёскі Старынкі з’явіўся непрошаны небяспечны сусед — недалёка ад іх дамоў пачаў блукаць мядзведзь. Падрабязнасці гісторыі паведамілі у газеце «Слава працы».
Першыя навіны пра візіты мядзведзя ў Дзяржынскім раёне з’явіліся на пачатку верасня. Тады мясцовыя распавядалі, што касалап пачаў прыходзіць да жылых падворкаў.
«Суседзі яксьці бачылі яго ў полі. Мы хадзілі глядзець у лес: сляды былі. У нас тут ёсць чалавек, які пастаянна знаходзіцца ў вёсцы. Вось ён, кажа, пазавчора бачыў», — падзяліўся адзін з вяскоўцаў.
Напалоханыя людзі звярнуліся ў 115 і МНС. Тыя перанакіравалі сігнал у лясніцтва. Цікава, што спецыялісты агледзелі месцы, дзе бачылі мядзведзя, і наваколле, але ягоных слядоў не знайшлі.
Яшчэ адзін незвычайны факт: у Дзяржынскім раёне з’яўленне мядзведзяў амаль не фіксуюць. Гэта не зусім іх натуральнае асяроддзе пражывання.
У Мінскім лясгасе патлумачылі міграцыю грыбнікамі. Маўляў, людзі масава пайшлі ў лес і нібыта прагналі мядзведзяў з абжытага месца. У пошуках новага звяры і маглі пайсці на поўдзень.
Апроч таго, мядзведзяў у Беларусі за апошнія гады стала значна больш. Яшчэ ў пачатку 2010-х касалапых ахоўвалі як чырванакніжных жывёл, а цяпер праходзяць конкурсы на іх здабычу.
Пра прычыны такога рэзкага скачка колькасці папуляцыі раней расказаў начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Козарэз.
Яшчэ ў 2011 годзе ў краіне налічвалася каля 120 мядзведзяў, а ў 2025-м папуляцыя ўзрасла да 1289 асобін. І на тое ёсць некалькі прычын.
Асноўная — натуральны прырост праз строгую ахову ў межах Чырвонай кнігі. Акрамя таго, адбываецца міграцыя жывёл на поўнач Беларусі з прылеглых расійскіх тэрыторый. Плюс сучасная тэхніка дазваляе больш дакладна фіксаваць колькасць.
У інтэрнэце можна пастаянна бачыць свежыя ролікі пра тое, як у лесе беларусы сустракаюцца з мядзведзем. Як правіла, усё заканчваецца добра — чалавек і жывёла проста расходзяцца.
Але часам касалапыя могуць і самі выходзіць да людзей. Калі ў 2021 годзе наконт мядзведзяў было ўсяго 2 звароты, дык у 2025-м — ужо 22.
Паводле слоў Козарэза, гэта адбываецца з-за росту колькасці маланаселеных вёсак. Выміранне хутароў і сёл зніжае фактар натуральнага адпужвання звера чалавекам.
Разам з тым у Беларусі амаль няма буйных адкрытых харчовых звалак, што не дае мядзведзям або іншым дзікім жывёлам лішняй нагоды з’яўляцца побач з людзьмі.